Міністры культуры Беларусі і Польшчы абмеркавалі магчымасці сумесных кінапраектаў

Источник материала:  
17.12.2009 15:14 — Новости Культуры
Сёння ў Мінск з афіцыйным візітам прыбыў міністр культуры Польшчы Богдан Здраеўскі. Разам з міністрам культуры Беларусі Паўлам Латушкам яны абмеркавалі аспекты супрацоўніцтва.

Нагода сустрэчы – далучэнне Беларусі да святкавання 200-годдзя з дня нараджэння Фрэдэрыка Шапэна. Беларускі міністр культуры заявіў, што Мінгарвыканкамам было прынята рашэнне назваць сталічную мастацкую школу № 3 імем Фрэдэрыка Шапэна. У школу польскі бок перадаў бюст Шапэна 19-га стагоддзя. А на сустрэчы двух міністраў было абмеркавана пытанне пастаноўкі оперы знакамітага кампазітара ў Вялікім тэатры оперы і балета.

Міністр культуры Беларусі расказаў пра зацікаўленасць падаўжэннем супрацоўніцтва па аднаўленні гісторыка-культурнай спадчыны, якая належыць двум народам.

“У гэтым кантэксце будзе прадоўжана праца Міжурадавай камісіі паміж урадамі Беларусі і Польшчы аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны”, - заявіў Павел Латушка.

Міністры закранулі пытанне неабходнасці развіваць адносіны ў справах сумеснай кінавытворчасці і рэалізацыі сумесных кінапраектаў, паведаміў беларускі міністр. Павел Латушка адзначыў важнасць еўрапейскага вопыту развіцця кінамастацтва і кінавытворчасці для Беларусі.

- Для нас гэта карысна з пункту гледжання той рэформы, якая адбываецца ў кінавытворчасці Рэспублікі Беларусь. Мы прымаем прапановы польскага боку, і ў нас ёсць магчымасць актывізацыі супрацоўніцтва ў гэтай галіне, - паведаміў міністр.

Кшыштаф Зануссі – тая асоба, якая б магла спрыяць актывізацыі супрацоўніцтва ў сферах кіно і рэалізацыі сумесных праектаў, адзначыў Латушка. А таксама дадаў:

- Мы абмяркоўвалі магчымасць сумесных кінапраектаў падчас маёй сустрэчы з вядомым польскім рэжысёрам Кшыштафам Зануссі і зараз вядзем з ім перапіску па гэтых справах.

Міністр культуры Польшчы Богдан Здраеўскі адзначыў, што ў Польшчы таксама быў перыяд крызісу ў сферы кінематаграфіі.

- Але ўдалося яго пераадолець, стварыўшы Дзяржаўны інстытут кінамастацтва, - расказаў Здраеўскі. - На сёння выпускаецца каля 60 фільмаў штогод. У нас ёсць вельмі добрая школа па кінематаграфіі. Я прапанаваў спадару міністру, а ён гэтую прапанову прыняў, каб супрацоўніцтва адбывалася праз гэты інстытут.

Польскі бок у сваю чаргу атрымаў запрашэнне больш актыўна ўдзельнічаць у Мінскім міжнародным фестывалі “Лістапад".

Міністры таксама абмеркавалі пытанні супрацоўніцтва на ўзроўні нацыянальных бібліятэк, нацыянальных мастацкіх музеяў, нацыянальных гістарычных музеяў, акадэмій мастацтваў, акадэмій музыкі і універсітэтаў культуры і не толькі.

←В Беларуси 2010 год будет Годом Шопена

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика