Сёння — Дзень беларускага кіно
Ёсць такое кiно! А якое яно?
Ёсць такое кiно!.. Ужо 85 гадоў, як ёсць. Сёння ў яго Дзень нараджэння. І гэта сапраўды свята для ўсiх, бо яно так i засталося самым важнейшым з мастацтваў — таму што здольнае прыцягнуць вялiкую аўдыторыю. I мы хочам верыць: ёсць беларускае кiно. Чакаем — так, каб здзiвiцца, уразiцца i потым доўга абмяркоўваць, як звычайна гатовыя гаварыць пра падзеi з уласнага жыцця. Можа наша, глядацкая, праблема якраз у тым, што мы хочам глядзець кiно, думаючы, што яно абавязкова павiнна быць пра нас? Ну, так, як раней… А свет жа вельмi змянiўся, i гэта iмгненна адлюстравалася на экране. Сусветным. Бо ўзнiклi тэмы, формы i жанры, якiя агульныя для людзей ва ўсiм свеце — унiверсальныя. Аднак пры гэтым кожная краiна трымаецца за тое, каб захаваць сваю адметнасць у кiно. Можа, таму апошнiм часам так шмат разважанняў пра сённяшнi твар беларускага кiно. Паспрабуем разабрацца: у чым ён i што яму найбольш пасуе?
Шукаць адказ мне дапамаглi спецыялiсты, якiя ведаюць гiсторыю беларускага кiно i сочаць за ўсiмi працэсамi, якiя адбываюцца ў iм сёння.
I вельмi за яго хварэюць душой — таму што любяць. Пра адметнасць беларускага светапогляду i яго праявы на экране мы размаўлялi з Антанiнай Карпiлавай, загадчыцай аддзела экранных мастацтваў Iнстытута мастацтвазнаўства, этнаграфii i фальклору Нацыянальнай акадэмii навук Беларусi.
— Выдатны наш майстар сказаў: няма стылю, якi адрознiваў бы беларускi кiнематограф, — успамiнае Антанiна Аляксееўна. — Гэта сказаў чалавек з веданнем справы, праўда, гадоў 25 назад. Магчыма, з цягам часу ён пераасэнсаваў гэтыя словы, таму што цяпер мы самога Валерыя Рубiнчыка ўспрымаем як класiка.
Але калi казаць не пра мiнулыя дасягненнi, а пра сённяшнi дзень, то беларускi стыль я бачу ў неiгравым кiно i ў анiмацыйным. Ёсць ў беларускiм кiно кiрункi, у якiх захоўваецца нешта запаведнае, этнiчнае. Дакументальнае кiно — перлiна нашага кiнематографа. У iм адбываецца даследаванне этнiчнага архетыпа, вобраза беларуса. Гэта фiльмы Вiктара Аслюка i Галiны Адамовiч. Да гэтага ж напрамку прымыкаюць фiльмы Мiхаiла Жданоўскага, але яго больш цiкавiць духоўная сфера.
Неiгравое кiно — лiдар у захаваннi нацыянальных рысаў у кiнематографе. Менавiта кiнематограф «малых формаў» супрацьстаiць глабалiзацыйным працэсам. Яшчэ ёсць навукова‑папулярнае кiно, у iм бы я вылучыла напрамак экалагiчнага кiно. Наш гонар — фiльмы кандыдата бiялагiчных навук Iгара Бышнёва, у якiх iдзе даследаванне беларускай прыроды, яны пазначаныя пячаткай этнiчнай непаўторнасцi краiны, што важна для прыцягнення турыстаў.
Захоўвае этнiчную непаўторнасць i наша анiмацыйнае кiно. Маю на ўвазе перш за ўсё фiльмы‑казкi. Гэта фiльмы пра Несцерку, серыял, якi адноўлены праз 20 гадоў Iгарам Волчакам пасля Яўгена Ларчанкi. I, вядома ж, фiльмы Мiхаiла Тумелi: тое, што ён робiць з выцiнанкай у фiльмах «Беларускiя прымаўкi», — па сутнасцi захаваная народная творчасць. Унiкальны праект «Аповесць мiнулых гадоў», якi прысвечаны гербам Беларусi, з гiсторыяй гарадоў. Дзiўна, што гэтыя фiльмы не знаходзяць водгук у адпаведных арганiзацый: iх трэба было пускаць i ў метро, паказваць на манiторах.
У малых формах заключана вялiкая магчымасць для захавання нацыянальных адметнасцяў. Бо ў вялiкiм кiно iдзе крэн у бок пэўнага касмапалiтызму. Мы бяром не самыя лепшыя ўзоры i клануем iх у сваiм кiно. А каго гэтым можна здзiвiць?
Вялiкае кiно
— Што датычыцца масавых жанраў, то ў нас традыцыйна найбольш развiтая была меладрама. Хоць яна была схаваная пад назвамi «аповесць», псiхалагiчная драма. З баевiкамi цi прыгоднiцкiмi фiльмамi таксама было ўсё ў парадку — яны хавалiся пад ваеннымi стужкамi.
Патэнцыял у нас быў вялiкi. Таму што, акрамя масавых жанраў, было цудоўнае аўтарскае кiно. Тут тры прозвiшчы — Тураў, Рубiнчык, Рыбараў. «Дзiкае паляванне караля Стаха» перамагала на конкурсах таямнiчых, мiстычных фiльмаў — цiкавы гатычны раман, дзеянне якога адбываецца ў замку.
Безумоўна, каб здымаць такое кiно, патрэбны не проста рэжысёр, а асоба. Рэжысура — наша балючая кропка. Старэйшае пакаленне пайшло з жыцця, а тыя, хто ёсць, не працуюць на студыi. У Рабарава было некалькi праектаў, але яны не ажыццявiлiся. I цяпер ён, на жаль, увогуле сышоў са студыi… У рэжысуру прыйшлi аператары i акцёры, а гэта трошкi iншыя прафесii.
Вялiкiя надзеi былi на выпускнiкоў акадэмii мастацтваў. Была майстэрня Турава i майстэрня Пташука (завяршыў яго курс Вячаслаў Нiкiфараў). Прыход маладой рэжысуры не ўзбагацiў беларускае кiно. Вiталь Дудзiн i Аляксандр Яфрэмаў — цяпер у абойме самых пладавiтых нашых рэжысёраў. Мы бачым добрае рамяство, веданне прафесii, але мастацкiх адкрыццяў няма. Аднак моладзь, на жаль, нават рамяства не засвоiла. Дзе веданне мантажу, падбору акцёраў? Няма жадання шукаць ва ўсiх сэнсах. I быццам бы розныя пакаленнi цяпер працуюць, а праблемы адны i тыя ж. Калi хто валодае рамяством, то не хапае мастацкага густу, альбо iмкнення да ўзбагачэння кiнамовы. У кiно ўсё залежыць ад маштабу асобы. Расiйскi рэжысёр Аляксандр Сакураў нават у складаныя часы здолеў шукаць свой погляд, увайшоў у гiсторыю кiнамастацтва. Для гэтага можна зняць i адну карцiну, але якую…
Колькасць i якасць
— Якасць — паняцце адноснае, i ўсе разумеюць яго па‑рознаму. Напэўна, з пункту гледжання дырэктара кiнастудыi, галоўны паказчык якасцi — рэйтынгi фiльмаў, наведванне. Але тут i без сацыялагiчных даследаванняў зразумела, што гэты паказчык не спрацоўвае. Наступны паказчык — з’яўленне элiтарных фiльмаў (гэта могуць быць адзiнкавыя ўзоры), якiя прадстаўляюць краiну на фестывалях. I ёсць так званы мэйнстрым — кiно для сярэдняга гледача. Калi ўвесцi крытэрыi якасцi, то яны будуць розныя для розных фiльмаў.
Зразумелае iмкненне нашай кiнастудыi працаваць на сярэдзiну. Але пытанне ўпiраецца ў грошы. Таму што калi для фестывальнага кiно дастаткова малога бюджэту, то для масавага i сярэдняга гледача павiнны быць «прынады»: яркi вiдовiшчны рад i медыйныя твары акцёраў.
У нас на кiно выдаткоўваюцца грошы, але невялiкiя (у параўнаннi з бюджэтамi сярэднiх галiвудскiх карцiн), i iх падзяляюць на вялiкую колькасць праектаў з акцэнтам на тэлевiзiйныя. Да тэлефiльмаў некалi было стаўленне як да сур’ёзнага кiно, i беларускае тэлекiно было магутным. Але цяпер яно ўспрымаецца як другаснае: з‑за серыялаў, якiя прымушаюць слiзгаць па паверхi тэлеэкрана поглядам. У той час, калi вялiкi экран дае асобнае ўспрыманне, нават зярнiстасць плёнкi ўплывае на гледача, акрамя таго, прагляд у кiназале стварае атмасферу фiктыўнай адзiноты. Таму вялiкае кiно нiяк не павiнна сысцi з нашай кiнастудыi.
«Кiнабрэнды»
— Часта гучыць пытанне: цi патрэбна цяперашняму пакаленню такая колькасць фiльмаў ваеннай тэматыкi? Ёсць супрацьлеглыя пункты погляду. Першы: гэтая тэма ўжо адпрацаваная ў беларускiм кiно i надакучыла масаваму гледачу. А з iншага боку, ёсць такое паняцце як «брэнд». «Брэндавай» стала ваенная тэма для нашай студыi. Баевiкi — жанр, якi найбольш стасуецца з ваеннай тэмай. Надта дарагiя i вiдовiшчныя баевiкi мы не будзем рабiць, а на ўзроўнi «Снайпера» — можна прыцягнуць гледачоў. Дынамiка ў iм добрая, але спецэфектамi такiмi ўжо нiкога здзiвiць немагчыма. Затое ёсць акцёр, якi трымае фiльм.
Наш пралiк, на мой погляд, у тым, што вельмi традыцыйна вырашаюцца «брэндавыя» тэмы. Ваенная тэма падаецца вельмi акадэмiчна, няма новых паваротаў. Зразумела, нейкiя моманты ў вайне цяжка кранаць, напэўна, час яшчэ не прыйшоў. Але можна ашчадна ставiцца да памяцi i пры гэтым даваць глебу для асэнсавання новым пакаленням.
Адзiн з прыкладаў паспяховай распрацоўкi ваеннай тэмы — расiйскi фiльм «Мы з будучынi». Сутнасць у тым, што гэты сцэнарый быў у нас на студыi, на яго не звярнулi ўвагу. А атрымаўся фiльм, якi цiкавы моладзi. Мы былi ўражаныя, калi з’явiўся расiйскi фiльм «Свае» — абсалютна наша тэма, пагранiчны стан чалавека, якi i наш, i не наш. Таму што Беларусь гiстарычна была на скрыжаваннi — i тэрытарыяльным, i прасторавым, i часавым. Андрэй Кудзiненка прапанаваў свой варыянт — постмадэрнiсцкi сцёб у фiльме «Акупацыя. Мiстэрыi». Трэцяя навэла з яго закранула балючую праблему беларускага этнасу — паступовае знiкненне мужчыны, бацькi.
Родам з дзяцiнства
— Ваенныя фiльмы амаль заўсёды звязанвя з тэмай дзяцiнства, — гэта наша асаблiвасць. «Iван Макаравiч», лепшы фiльм Дабралюбава, «Праз могiлкi» Турава — падлетак галоўны герой. Яно карысталася попытам не толькi на савецкiм экране, але i ў Еўропе. Прыклад — фiльмы Льва Голуба, знятыя сумесна з еўрапейскiмi вытворцамi. Фiльм «Дзяўчынка шукае тату» — быў лiдарам у кiнапракаце некалькi гадоў. Але наша дасягненне — дзiцячае прыгоднiцкае кiно.Потым на iншым этапе з’явiўся Леанiд Нячаеў, якi на «Беларусьфiльме» стварыў знакамiтыя першыя тэлемюзiклы ў Савецкiм Саюзе. На жаль, напрыканцы 80‑х рэжысёр з’ехаў у Маскву. Нячаеў праклаў сцяжынку — унiверсальных па тыпажы персанажаў з песенькамi на цудоўныя мелодыi, але хутчэй агульнага еўрапейскага кантэксту.
Да гэтага звярнулася на сучасным этапе Алена Турава, зняўшы «Навагоднiя прыгоды ў лiпенi». Дзецям фiльм падабаецца, але я знаходжу там недахопы — клiпавая форма, недасканалая камп’ютарная графiка. Наступны яе фiльм будзе ў жанры «фэнтэзi» — дзяўчынка з рудымi валасамi падарожнiчае ў прасторы. Ёсць надзея, бо Турава — шчыры рэжысёр. Але наўрад цi ў дзiцячым кiно мы пабачым нешта роднае — напрыклад, экранiзацыю беларускiх казак.
Кнiжнiкi
— У кiно шмат iдзе ад сцэнарыя. Беларускае кiно лiтаратурацэнтрычнае, звязанае з вербальным тэкстам, з экранiзацыямi, з тым, каб у сцэнарыi ўсё было прапiсана. Хоць насамрэч кiно можа базiравацца i на палове старонкi тэксту. Дзве добрыя традыцыi цягнуць наша кiно — псiхалагiзм з меладраматызмам i лiтаратурацэнтрызм. А трагедыйнае светаадчуванне нашаму кiно не ўласцiвае, у адрозненне ад беларускай нацыi як такой. У былыя часы гэта было звязана з iдэалагiчнымi падыходамi, таму карцiна «Iдзi i глядзi» з цяжкасцю прабiвалася да гледача. Яе падтрымаў сам Машэраў.
Трагедыя як жанр у нас увогуле не прывiлася.
Ад такой аблегчанасцi таксама растуць ногi праблем у нашым кiно. Фiльм «Кадэт», якi выйшаў у гэтым годзе, Вiталь Дудзiн спрасцiў. Таму атрымалася традыцыйная меладраматычная гiсторыя, хоць расповед пра пасляваенных лясных братоў мог бы ўзняцца да ўзроўню разважанняў пра чалавечую варожасць. Нам увесь час трошкi‑трошкi не хапае. Так жа з «Iнсайтам». Мы, калi чыталi сцэнарый, узрадавалiся, што ўпершыню ад меладрамы перайшлi да нейкiх экзiстэнцыйных матываў. Тэма i праблематыка ўзроўню антычнай трагедыi, але вырашана яна так, як дазволiла сабе рэжысёр, якая дагэтуль працавала цудоўна ў дзiцячым кiно. Але «Iнсайт» я разглядаю як выпрабаванне нейкiх новых сэнсавых тэрыторый для беларускага кiно. I тут трэба адзначыць сцэнарый Алёны Калюновай, хоць ён ляжаў у яе больш за 10 гадоў…
Дарэчы, 20 гадоў адляжаў сцэнарый фiльма «Ваўкi» (прэм’ера адбудзецца 17 снежня ў Доме кіно). Аляксандр Чакмянёў яго выпакутаваў.
Ён пра расiйскiя рэалii, якiя спалучаюцца з нашай гiсторыяй. Я лiчу, што ён валодае этнiчнай iдэнтычнасцю i самабытнасцю. Не толькi па прыродзе, пейзажы, хатах, але i па характарах людзей. Яго можна назваць трагедыяй, якая ўзнiмаецца да ўзроўню прытчы пра пасляваенны час. Падымаецца тэма ўлады i страху чалавека. Гэты фiльм можна назваць нашым дасягненнем за апошнi час, гэта кiно для гледача, якi шукае сэнс i мастацкае наталенне ў стужках.
Трэба прызнаць, што шмат якiя з выдатных нашых фiльмаў былi зроблены з расiйскiмi сцэнарыстамi. Адно з нашых балючых месцаў — недахоп сваiх сцэнарыстаў, кiнадраматургаў. У той жа час найбагацейшым скарбам з’яўляецца сама беларуская лiтаратура — таго ж Караткевiча чытаць‑неперачытаць. Няўжо рэжысёры гэтага не адчуваюць?
Кадры вырашаюць
— Цяпер у нас ускладваюць надзеi на тры «К»: Колбышаў, Кудзiненка, Канановiч. Яны папрацавалi на студыях расiйскiх, вярнулiся з доведам. Але могуць быць i запрошаныя рэжысёры. Адзiн з варыянтаў — Аляксандр Мiндадзе, якi хоча здымаць сам паводле свайго ж сцэнарыя, прысвечанага чарнобыльскай трагедыi. Вельмi пачуццёвы, фактурны матэрыял. Але цi зацiкавiць гэты сцэнарый Беларусь?.. Ёсць добры сцэнарый Людмiлы Дуброўскай «Ефрасiння Полацкая». Вялася размова пра тое, што яе мастацкiм кiраўнiком на гэтым фiльме будзе Валерый Рубiнчык. Магчыма вяртанне майстра, якi на мой погляд, цiкавы менавiта ў галiне кiнамовы. Гэта велiчыня еўрапейскага маштабу, мастак, у якога можна павучыцца.
Кiнашкола
— Для яе патрэбна некалькi складальнiкаў. Традыцыi ў нас ёсць — цудоўныя майстры ў мiнулым, фiльмы. Але, акрамя гэтага, патрэбная навучальная ўстанова. Таму спадзяванне на адкрыццё ў 2010 годзе кiнафакультэта ў Беларускай дзяржаўнай акадэмii мастацтваў. Там плануецца падрыхтоўка сваiх сцэнарыстаў (кiнадраматургаў), якiя будуць камунiкаваць з калегамi — рэжысёрамi, аператарамi, бо вельмi важны прафесiйны асяродак, у якiм «варышся». Прадугледжваецца запрашэнне майстроў з ВГИК, з iншых краiн, каб пашырыць культурную прастору. Патрэбны погляд збоку, эксперты, якiя б маглi ацанiць нашу культуру з пазiцыi iншых, адчуць тое зерне, якое адрознiвае менавiта беларускi светапогляд. I на падставе яго нешта ствараць, каб было зразумела, што гэта кiно нашай краiны.