Сёння, а 18 гадзіне ў памяшканні Дзяржаўнага літаратурнага музею Янкі Купалы адбудзецца адкрыццё выставы геніяльнага беларускага творцы, народнага мастака Беларусі Арлена Кашкурэвіча.
Ягоныя графічныя творы аздобілі кнігі Ёгана Вольфганга Гётэ і Міколы Гусоўскага, Уладзіміра Караткевіча і Алеся Адамовіча.
Ягоныя графічныя работы выкананыя ў разнастайных тэхніках: афорту, лінагравюры, эстампу. За вялікія нізкі станкавых працаў «Партызаны» і «Купаліяна», што адразу сталі сапраўдным сімвалам Беларушчыны і нацыянальнай мастацкай класікай, Арлен Кашкурэвіч ў 1972 годзе быў уганараваны Джяржаўнай прэміяй Беларусі.
Першая частка з нізкі твораў «Concerto grosso» («Вялікі канцэрт»), цэнтральным вобразам якое была віяланчэль, што грае журботную мелодыю лёсу, ужо была прадстаўленая публіцы ў 2005 годзе і выклікала шматлікія водгукі. Сёлета ў верасні слыннаму мастаку Беларусі споўнілася 80 гадоў. Што мы ўбачым на ягонай выставе сёння? Працяг серыі «Concerto grosso».
Уваход вольны.