Лявон Вольскі выпускае новы праект

Источник материала:  
15.12.2009 15:41 — Новости Культуры
На наступным тыдні адбудзецца рэліз супольнага праекту "Такога няма нідзе", аўтарам усіх песень якога з’яўляецца Лявон Вольскі. Канцэртная прэзентацыя дыска адбудзецца 22 снежня ў межах выступа музыкі на фэсце пазытыўнай музыкі "Сонцастаянне" ў клубе "Рэактар".
 
Разам з Лявонам у запісе праекту, прысвечанага 60-м гадам мінулага стагоддзя, узялі ўдзел Павел Булатнікаў ("Ляпис Трубецкой"), Алег Хаменка ("Палац"), Уладзімір Пугач ("J:морс"), Віталь Артыст ("Без Билета"), Руся (Indiga, Akana-NHS), а таксама акцёры Ганна Хітрык ("ДетиДетей"), Святлана Зелянкоўская, Алег Гарбуз. Апрача музычнага альбому праект мае і відэаверсію з 11 песень.
 
"Праект яўляецца псеўдадакументальным пазітыўна-музычным эксперыментам на тэму таго, як бы выглядалі і што бы спявалі яго ўдзельнікі, каб жылі ў тыя часы ў розных краінах свету – ад Францыі, Англіі і ЗША да Беларусі і Кітая. Мне здаецца, што мы зрабілі шэраг сэнсацыйных і нават шакіруючых выкрыццёў", – прызнаўся Лявон.
 
"Такога няма нідзе" пабачыць свет у форме двухдыскавага (CD + DVD) калекцыйнага выдання ў digipack з вялікім буклетам. Акрамя 11 песень праекту абодва дыскі будуць змяшчаць бонусы. На CD таксама будзе змешчана новая кампазіцыя "Дай мне знак" (аўтар і выканаўца Лявон Вольскі), а на DVD – тэксты і акорды да ўсіх песень, фотагалерэя са здымак, а таксама інтэрв’ю з удзельнікамі. Першыя асобнікі павінны з’явіцца ў крамах "Містэрыя гуку" ўжо 21 снежня.
 
Канцэртная прэзентацыя праекту адбудзецца 22 снежня ў межах выступу Лявона Вольскага на фэсце пазітыўнай музыкі "Сонцастаянне". "Насамрэч, гэта добрая нагода, асабліва ўлічваючы тое, што там будуць і іншыя ўдзельнікі праекту, якіх сабраць зараз вельмі цяжка. Нешта выканаем дуэтам, нешта я заспяваю, а таксама прагучаць нейкія іншыя хіты з іншых праектаў. Карацей, будзе весела", – абяцае Лявон.
 
"Дзеці Сонца" прэзентуюць: 22 снежня фэст пазітыўнай музыкі "Сонцастанне" з удзелам: Карл Хламкін і "ОгнеОпаснОркестр" (Латвія - Расія), Беня ("Серебряная свадьба"), Лявон Вольскі, Drum Ecstasy, "Без Билета", "ДетиДетей", Rockerjoker, Валік Грышко і інш. Квіткі: 40 тыс. (танцпол). Даведка і замова: (017) 280 15 10, (029) 635 68 73, а таксама праз сайт www.soundline.by


←Группа Naka презентует новый клип “Беги”

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика