Край прыдуманых і адроджаных моваў

Источник материала:  
15.12.2009 12:32 — Новости Культуры

Вынаходніку эсперанта Людвіку Заменгафу (менавіта так з націскам на першым складзе) — 150. Падарожжа па біяграфіі мовабудаўніка з Беластоку і гісторыі эсперанта са злабадзённымі зацемкамі перакладніка і паліглота Сяргея Шупы.

Край прыдуманых і адроджаных моваў
Людвік Заменгаф

Адной з мэтаў Заменгафава вынаходства ўсеагульнай мовы было пазбыцца міжнацыянальнай непрыяззі, бо ўніфікацыя мусіла б прывесці да больш высокага ўзроўню паразумення… Выгадаваны ў Беластоку, дзе жылі палякі, беларусы, габрэі і немцы, Людвік зрабіўся сведкам шматмоўя і ўвадначассе частага міжнацыянальнага шматканфліктоўя. Стуль ён робіць выснову, што ўніфікацыя прывядзе да лепшага кантакту розных народаў ды этнічных груп. «Цэлая сотня самых вялікіх вынаходстваў не зробіць чалавецтву такой вялікай і каштоўнай рэвалюцыі, якую зробяць уводзіны нейтральнай міжнароднай мовы», — казаў ён…

Сяргей Шупа: Ад часу Замэнгафавага вынаходства свет перажыў мноства канфліктаў, у якіх загінулі мільёны людзей. Якое там паразуменне! Нават калі б усе людзі на свеце гаварылі адной мовай — усё адно знайшлі б за што пасварыцца й пазабівацца. Што дапамагло былой Югаславіі, дзе ўсе бакі канфлікту гаварылі адной мовай? Не разумею, калі кажуць пра «модную цяпер шматкультурнасць». Шматкультурнасьць — натуральны стан рэчаў шмат дзе ў прасторы і ў часе. Ці «модна» было сярод местачковых беларусаў сто гадоў таму гаварыць (або хоць бы разумець) на ідышы? Наважуся пастуляваць формулу: «Ня ведаю>не разумею>баюся>ненавіджу». Трэба хутчэй не мову ўніверсальную прыдумляць, а наладжваць усе магчымыя дыялёгі між культурамі, каб разьбіць гэты закляты ланцуг.

…Адна з ідэяў Заменгафа была зрабіць нейтральную мову і забараніць яе карыстальнікам мяняць фундамент гэтай мовы. Спрабуючы быць абсалютна бесстароннім у справе вынаходства мовы, геніяльны, але як усякі чалавек абмежаваны ў сваіх даляглядах, Людвік Заменгаф не здолеў быць пазбавіцца пэўных перагібаў. Гэтак, у эсперанта відавочнае пераважванне раманскіх моўных элементаў (запазычванняў з французкай, гішпанскай), пры абсалютнай адсутнасці неіндаеўрапейскіх каранёў…

Сяргей Шупа: Заменгаф думаў местачковымі ўсходнееўрапейскімі катэгорыямі. Ну дзе тая нейтральнасьць па-за славяна-рамана-германскім кантэкстам? Эспэранта было і застанецца чужым для шмат каго з еўрапейцаў, ня кажучы ўжо пра кітайскамоўны або арабскамоўны сьвет, дзе эсперанта гучыць як яшчэ адна мова еўрапейскіх імперыялістаў.

Цяпер жа моўныя тэндэнцыі ў Эўропе самыя розныя, ніякай адназначнай «моды» няма: і амерыканізацыя (ну, гэты працэс павярхоўны, і тут няма чаго палохацца), і вяртаньне да каранёў — пурыстычныя барыкады ў Францыі або Літве, і ўздымы моўнага рэгіяналізму (Каталёнія, Валія), і ціхае паміранне (Лужыцкая мова ў Нямеччыне). Я вось з хваляваннем і спагадай назіраю за бадай што аднаасобнымі высілкамі майго сябра Яна Максімюка затрымаць знікненне падляшскай мовы праз выпрацоўку новага пісьмовага стандарту, запрашаю наведаць сайт svoja.org

…«Ці неабходная міжнарожная мова? Гэтае пытанне сваёй наіўнасцю выкліча смех у будучых пакаленняў. Гэтаксама як нашыя суайчыннікі засмяяліся б, дапрыкладу, пачуўшы пытанне «Ці патрэбная нам пошта?» » — сказаў Заменгаф.

Сёння, бы тое эсперанта, ангельская заняла месца ўніверсальнай мовы. І ўзнікае пытанне пра небяспеку такой панавання міжнародных, нібыта больш важных моваў над іншымі мовамі…

Сяргей Шупа: Варта, мабыць, адрозніваць мову камунікацыі і мову культуры. У гэтым, мабыць, і палягае іерархія, яе ня трэба ствараць, яна для кожнага месца і часу ствараецца сама. Ангельская мова дапаможа паразумецца з прадстаўніком іншай культуры, але наўрад ці шмат дапаможа ў далучэнні да іншай культуры, апрача вельмі павярхоўнага азнаямлення. Спецыфічная сітуацыя ў Беларусі ў тым, што шырокія масы страцілі сваю мову культуры (на якой стагоддзямі перадаваўся культурны код — з усёй ідыяматыкай, сінтаксісам, мадэлямі мыслення), і пачынаюцца спробы стварэння культуры на мове камунікацыі. Нешта падобнае сто гадоў таму ў Ірландыі прывяло да з"яўленьня Джойса і Ейтса, але ў Ірландыі ўплыў культурнага субcтрату незалежнага і арыгінальнага, быў непараўнальна большы. Так што, калі ў Беларусі татальна запануе расейская мова, ёй будзе наканавана навекі застацца культурнай правінцыяй Расеі.

… Заменгаф быў спадчынным паліглотам: яго бацька Марк і дзед Фабіян былі выкладчыкамі замежных моваў, а сам Людвік з"яўляўся выдатным моўным педагогам. Яго «Падручнік нямецкай мовы для расійскага юнацтва» вытрымаў 14 выданняў, колькі разоў перавыдавалася ягоная «Параўнаўчая расійска-польска-французка-нямецкая фразеалогія». Дарэчы, Заменгаф быў не адзіны, хто ў гэтай часцы Еўропы выношваў такі амбітны моўны праект. У мястэчку Лужкі (цяпер Віцебская вобласць) у 1859 нарадзіўся яшчэ адзін энтузіяст Эліэзэр Бэн-Егуда, які ў адрозненні ад Заменгафа, (амаль) не выдумляў ровару: яму прыйшла думка адрадзіць старжытную мову іўрыт, каб на ёй размаўлялі сучасныя габрэі…

Сяргей Шупа: Можна, вядома, сказаць, што некалі Беларусь як шматмоўная, шматкультурная тэрыторыя — людзі ў нас умелі гаварылі на дзьвюх-трох-чатырох мовах — была спрыяльным месцам для такіх з"яваў. Аднак пачатак адраджэння іўрыту ў Беларусі наўрад ці мае дачыненне да самой Беларусі. З гэткім жа поспехам тое магло адбыцца ў любым іншым кутку «рысы аселасці». Пагартайце «Еврейскую энциклопедию» — біяграфіі нашых землякоў-юдэяў сьведчаць аб іх надзвычайнай геаграфічнай мабільнасці, непрывязанасьці да канкрэтнага месца. Шкада, што Беларусь гэтую гістарычную выпадковасць — тое, што рэаніматар іўрыту нарадзіўся тут — вельмі мала выкарыстоўвае і ня мае з гэтага ніякіх культурніцкіх працэнтаў. Думаю, што больш выпадае гаварыць пра нейкую адмоўную карму Беларусі — гэта месца, дзе мовы паміраюць, а не адраджаюцца. Памёр ідыш (не забываймася, што БССР была адзінай дзяржавай свету, дзе ідыш быў адной зь афіцыйных моваў), амаль памёрлі ўсе крэсовыя польскія дыялекты, памёрлі ўнікальныя ўсходнелітоўскія дыялекты, ледзь жывая беларуская мова...

…Лета 1887 г. Заменгаф публікуе па-расійску сваю кнігу падпісаную псеўданімам Д-р Эсперанта: «Міжнародная мова. Перадмова і поўны падручнік», гэтак даючы магутны імпульс да ўзнікнення і развіцця такога грамадскага и культурнага феномена, як штучна свораная мова Эсперанта. Больш за 10 гадоў руплівай працы па супастаўленні граматычных формы ў розных, збольшага еўрапейскіх моваў, выпраўляючы і адпрэчваючы ўсё як на яго збытнае і беручы ад усіх патрохуб Людвік Заменгаф зарабляючы акулістам то ў Варшаве, то ў Беластоку, то ў Горадні, пакрысе дасканаліў сваю мову. Высцерагаючыся кпінаў, сваю працу ўдзень акуліст, уначы — мовабудаўнік, праводзіў таемна, пасвяціўшы ў яе адно колькі сваіх знаёмых.

Але па часе, эсперанта, нягледзячы на вялікую колькасць энтузіястаў і тытанічныя намаганні стваральніка, так і не ўсеагульнай зрабілася мовай Еўропы. Гэтаму шмат прычынаў: гістарычных (пачатак Першай Сусветнай), і культурных (узышлі зоркі нямецкай і ангельскіх моваў у якасці міжнародных). Які адмоўны досвед (які як вядома ўсё роўна досвед) можа дапамагчы праблемам беларусізацыі?

Сяргей Шупа: Заменгаф будаваў мову на пустым месцы, у прабірцы, без культурна-гістарычных падмуркаў. Таму яго няўдача (ну, скажам, адносная) ня мусіць нас засмучаць. Беларуская мова мае свае карані і крону, мае сваё месца ў культурным кантэксце, мае вялізны корпус натуральна ўзьніклых тэкстаў. Усё гэта выгодна адрознівае яе ад эсперанта і дае спадзевы на выжыванне. Астатняе залежыць ад нас. Так, сапраўды перакладаць трэба ўсё, і асабліва сэрыялы і этыкеткі. А стратэгія беларусізацыі ясная — пачаць з тэлевізіі, з чынавенства і сферы паслугаў. Тады адукацыя ўсіх узроўняў — не прымушаць, але паўсюль стварыць спрыяльныя ўмовы. І праз пару гадоў без ніякіх законаў ўсё стане на месца.

Сяргей Шупа, знаўца харвацкай, чэшскай, эстонскай, літоўскай, партугальскай, французкай, іўрыту, польскай, ангельскай моваў. Перакладчык на беларускую Мэрымэ, Мапасана, По, Борхэса, Шульца, Керэта, Дарэла, Грэймаса, Ергавіч, Мілаша, Віяна, Джойса.

←Накануне новогодних праздников в музее истории Великой Отечественной войны откроется выставка игрушечных медведей

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика