Вайцюшкевіч на "Зорным рынгу": "Я нарадзіўся тут"
06.12.2009 14:05
—
Новости Культуры
Зміцер Вайцюшкевіч |
5 снежня на канале СТВ на "Зорным рынгу" сышліся Зміцер Вайцюшкевіч і Аляксандр Звяровіч, экс-вакаліст ВІА "Синяя птица".
Зміцер Вайцюшкевіч выйшаў супраць гурта свайго суперніка адзін. На рынгу трымаўся нязмушана, нібы гэта і не запіс на дзяржаўным тэлеканале, а выступленне дзе-небудзь на гарадской сцэне Льва ў часе чарговага фэсту "Be Free".
Спяваючы "Я нарадзіўся тут", Зміцер зрабіў заўважны акцэнт на словах пра "белыя і чырвоныя кветкі". Каментатары шоу, якія час ад часу з'яўляліся ў кадры, пры гэтым эмацыйна падкрэслілі: "Наш чалавек, наш!"
Большасць пытанняў Вайцюшкевічу задавалі па-беларуску, на беларускай мове было пазначанае ягонае імя побач з нумарам тэлефону для галасавання. Зміцер, натуральна, размаўляў на роднай мове.
Аляксандра Звяровіча не менш цёпла віталі на сцэне. Шмат хто з слухачоў прыгадваў пры гэтым пра сваю маладосць. Аднак вынікі галасавання зафіксавалі ўпэўненую перамогу лідэра WZ-Orkiestra: 5364 галасоў супраць 3943.
12 снежня ў суботу на "Зорным рынгу" сыдуцца "Крама" і расійская спявачка Лаліта Міляўская. Прагаласаваць можна будзе ў дзень эфіру па адмысловых нумарах (тэлефанаванне бясплатнае), а таксама на сайце СТВ. Пачатак у 20:10.