І латышам, і казакам -- усім хопіць весялосці!
У Маладзечне адкрываецца абласны фестываль нацыянальных культур
Фэст сабраў прадстаўнікоў дванаццаці дыяспар з чатырнаццаці раёнаў сталічнай вобласці. Так, у Маладзечна з'ехалася больш за дзве сотні чалавек. Упершыню ў фестывалі прымаюць удзел прадстаўнікі латышскай дыяспары і грамадскага аб'яднання “Белорусское казачество”.
Кожная з дэлегацый на фестывалі будзе знаёміць удзельнікаў са сваёй культурай -- традыцыямі, кухняй і мастацтвам. Ужо наладжаны выставы народных майстроў, будзе экспанавацца таксама і літаратура народаў свету. Можна будзе прадэгуставаць кулінарныя “здабыткі” прадстаўнікоў дыяспар -- нацыянальныя стравы.
Фестываль завершыцца святочным канцэртам “У суквецці талентаў”. А лепшыя калектывы адзначыць кампетэнтнае журы начале з мастацкім кіраўніком Нацыянальнага акадэмічнага народнага хора імя Цітовіча Міхаілам Дрынеўскім. Лепшыя выканаўцы прадставяць вобласць на рэспубліканскім узроўні -- фестывалі нацыянальных культур у Гродна ў наступным годзе.
Таццяна УСКОВА, “БН”.