Мікалай Чаргінец: «Мы патрэбны зараз Саюзнай дзяржаве!»
У Мінску прайшоў устаноўчы з’езд Саюза пісьменнікаў Саюзнай дзяржавы. Сустаршынямі новастворанай арганізацыі сталі Мікалай Чаргінец і Валерый Ганічаў.
На з’ездзе была прынята рэзалюцыя, у якой дэлегаты звяртаюцца да пісьменнікаў Беларусі і Расіі, каб злучыць агульныя інтарэсы на карысць народаў абедзвюх краін. Старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі Мікалай Чаргінец засяродзіў увагу на тым, што аддрукавана рэзалюцыя будзе ў Маскве на машынцы, на якой друкавалі дакументы аб развале Савецкага Саюза. Тым самым будзе зроблены сімвалічны крок. Бо з’езд праходзіў напярэдадні 10-годдзя падпісання дамовы аб стварэнні Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі. І пісьменнікі хочуць падкрэсліць, што яны надаюць новае даханне інтэграцыйным працэсам паміж краінамі.
«Мы саспелі ў патрэбны момант. Мы патрэбны зараз Саюзнай дзяржаве!»,
— сказаў Чаргінец.
Старшыня Саюза пісьменнікаў Расіі Валерый Ганічаў адзначыў, што праца саюза будзе ісці на падтрымку рускай і беларускай моў. «Мы выказваемся за ўсё, што звязана з беларускай мовай», — падсумаваў расійскі пісьменнік.
На гэта галоўны рэдактар літаратурнага часопіса «Наш современнік» Станіслаў Куняеў паведаміў, што кожны год яго калектыў рыхтуе «беларускі нумар». І за апошнія шэсць гадоў на старонках «Нашего современніка» надрукаваліся больш за 150 беларускіх аўтараў.
«Я жорстка стаю на пазіцыях умацавання беларускай мовы», — выказаўся па моўным пытанні і Мікалай Чаргінец. Ён адзначыў, што ў Саюза пісьменнікаў Беларусі ёсць магчымасці, каб спакойна, без гвалту знаёміць насельніцтва з беларускай мовай, што пісьменнікі, маўляў, і робяць.
«Нашы расійскія калегі стаяць на такіх самых пазіцыях. Яны хочуць, каб беларуская мова распаўсюджвалася і ў Расіі. Бо там шмат беларусаў».
У працы з’езда Саюза пісьменнікаў Саюзнай дзяржавы ўзялі ўдзел больш за 400 чалавек. Ініцыятарамі яго правядзення выступілі вядомыя пісьменнікі Валерый Ганічаў, Уладзімір Гніламёдаў, Ягор Ісаеў, Уладзімір Карпаў, Сяргей Міхалкоў, Валянцін Распуцін, Алесь Савіцкі і Мікалай Чаргінец.