Літва ў карцінках
Серыя пра залеву: вось мужчына сядзіць у залітай вадой хаце ў атачэнні старой мэблі, такой, якой поўняцца і беларускія хаты. Трактар «Беларусь» адольвае затопленую дарогу, хлопчык дастае ката з даху, а на фоне — закаткі ў слоіках на падваконні сялянскай хаты. Ці іншы пагляд: пажар у касцёле, валіць дым, на зямлю падае вежа ў агні. Важна‑няважна? Гэта жыццё краіны, якое фотакарэспандэнт павінен адлюстроўваць. Няхай гэта не драма вайны ў Іраку, няхай не карнавал у Рыо, але маленькія рэчы, якія ў маштабе маленькага краю набываюць значнасць.
Арганізатарамі мерапрыемства выступілі фотагалерэя «ZНЯТА», пасольства Літоўскай Рэспублікі і Клуб прэс‑фатографаў Літвы. Акурат прафесійнае журы гэтага Клуба праводзіла адбор лепшых прэс‑здымкаў Літвы 2008 года, якія і сфармавалі выставу. Спецыфікай гэтага конкурсу быў больш шырокі, чым прынята, дыяпазон жанраў фатаграфіі. Гэта не толькі традыцыйныя «Навіны», «Культура», «Спорт», але таксама «Армія», «Прырода і абарона навакольнага асяроддзя», «Партрэт», «Гламур».
Магчыма, менавіта гэтыя жанры дадаюць незвычайнасці выставе, якую можна назваць не толькі жрпрэсавай, але і мастацкай. Ёсць кадры пастановачныя, ёсць партрэты і нават арт‑хаўснае. «Гламурная» частка фотавыставы прадстаўлена ў сімвалічным месцы: у аўтамабільным цэнтры. Прадставіць плошчу пад выставу прапанаваў сам дырэктар цэнтра, вялікі аматар фатаграфіі.
На жаль, здымкі не суправаджаліся назвай і кантэкстам выявы, праз што многае застаецца незразумелым ды двусэнсоўным, асабліва для беларускага гледача. Аднак арганізатары паабяцалі выправіцца да наступнай выставы лепшых прэс‑фота Літвы-2009, што мае адбыцца ў лютым‑сакавіку наступнага года.
Дзіця
Пажар у касцёле
Патоп
Гламур
Убачыць выставу ёсць магчымасць да 22 снежня. Яна прадстаўленая ў трох залах: галерэі «ZНЯТА» ў кінатэатры «Цэнтральны», аўтацэнтры «KIA Motors» на Баравой, 7 і ў залі «Цэнтр‑Відэа» у гандлёвым цэнтры «Сталіца».