Танчыць -- да «Суседачак»

Источник материала:  
04.12.2009 04:00 — Новости Культуры
Танчыць -- да «Суседачак»Страчаны сон беларускіх традыцый

Танчыць -- да «Суседачак»Страчаны сон беларускіх традыцый

Даўней ладная была ферма ў сяле Іванкаўшчына, што ў Мазырскім раёне. Працавалі на ёй жанчыны руплівыя ды творчыя. Завядуць песню, адно слова -- артысткі. Так і склаўся ў 1984 годзе калектыў “Суседачкі”. Зараз гэта сем бабулечак ды мастацкі кіраўнік. А спяваюць хораша -- сэрцайка замірае.
-- Калісь людзей у калектыве значна больш было, -- распавядаюць пявунні. -- Мы ж яшчэ маладымі па вёсках з канцэртамі ездзілі. З той пары і сябруем. Іванавіч прыязджаў, іграў…
Іванавіч -- так па-свойску называюць Аляксея Сачука, бібліятэкара з суседняй вёскі.
 -- Тут такі калектыў! Як без акампаніятара? У іх жа ў рэпертуары больш за сто твораў набярэцца, -- падключаецца да размовы адзіны прысутны мужчына -- Аляксей Іванавіч.
Песні ў “Суседачак” на розных мовах. Яны любяць старадаўнія, што яшчэ ад бабуль чулі. Бывае, праз шэсцьдзесят гадоў словы ўспамінаюцца. Збяруцца жанчыны, абмяркуюць. Што забылася, разам прыгадаюць. Кажуць, як малыя былі, дужа спяваць любілі:
-- Бывае, па лесе карову пагоніш, і цэлы дзень -- канцэрт. Ды на бярозу яшчэ залезеш, каб далей чутно было…
А танцаў у іх колькі: кадрыля, падыспань, кракавяк… Ды хіба ўсе пералічыш! Часам мужчыны наведваюцца. Яны маладых ператанцуюць, толькі спяваць ніяк не хочуць.
Вось што дзіўна. Баляць у “Суседачак” ногі, сапраўды баляць. Ідуць яны, падтрымліваючы адна адну. А як зайграе Аляксей Іванавіч польку -- ці ўтрымаешся? Пачне біць у барабан Надзея Патапенка -- адкуль толькі лёгкасць тая бярэцца! У свае восемдзесят два гады Надзея Паўлаўна -- сапраўдная каралева рытму, любы музычны гурт пазайздросціць.
Пачулі танцавальны матыў бабулечкі, пабраліся ў абдымкі ды пайшлі ў скокі па ўсім клубе. А калі стаміліся, паселі зноўку і зацягнулі журботную…
Заходзіць у нас гаворка пра вяселле. Жанчыны навыперадкі пачынаюць расказваць пра даўнейшыя традыцыі:
-- Каравай учыняюць і месяць толькі тыя жанкі, хто ў пары… Калі мужчына ў гэты час у хату зойдзе, б'юць небараку лапатай, якой каравай у печ садзілі. Дзеткам малым «шышачкі» качаюць ды пякуць. А тыя ўжо ведаюць, набягуць бывае…
І з зачараванымі тварамі ўспамінаюць, які раней вянок у маладой быў -- прыгажосць! Яшчэ ў мінулым годзе “Суседачкі” на выставу такі рабілі. У былыя часы ўсё не толькі рукамі стваралася -- сэрцам.
Вось і сцэнічныя касцюмы ў калектыву самаробныя. На спадніцах абавязкова тры каснікі нашыты -- «як калісь насілі». Кветкі намалявалі алоўкам ды вышылі, хіба ж “Суседачкі” не ўмеюць? Яшчэ нядаўна ткалі, да ўсяго ж з дзяцінства прывучаныя.
Ніводнае сельскагаспадарчае свята без іх музычнага калектыву не абходзіцца. Як у полі зажынкі, заўсёды клічуць. Няхай потым тэхніка, а спачатку яны сярпамі пажнуць. Снапы, як даўней было, звяжуць. І ўсё гэта з песнямі да тэмы. Куды ж без іх беларускім жанчынам?
-- Вы столькі ведаеце, умееце… Перадаць бы ўсё моладзі! Можа, стварыць «Маленькіх суседачак»? -- не ўтрымліваюся, каб не запытаць.
-- Ды якое там! У нас у вёсцы адзіны вучань застаўся, -- хорам адказваюць бабулькі.
-- Толькі мой Ванька ходзіць у школу, -- кажа мастацкі кіраўнік Алена Місевіч. -- Усіх жыхароў у вёсцы -- калі не браць да ўвагі дачнікаў -- чалавек семдзесят, можа, і набярэцца.
-- Мы ўжо аджываем сваё… -- заўважае “суседачка”. Памаўчаўшы, астатнія дадаюць бадзёра: -- А ўсё спяваць хочацца!
Калі канцэрт -- гледачоў поўны клуб, усё сяло збіраецца. Бывае, едуць на гастролі ў суседнія вёскі. Нават у сталіцу запрашалі бабуль.
-- І на ферму -- цялятам спяваць… -- жартуе адна з іх.
-- Ну чаму ж, -- абараняюцца астатнія, -- там таксама людзі працуюць. Няхай пяць чалавек, ды ўсё ж гледачы.
І сапраўды, галоўнае, не колькі чалавек слухае, а як калектыў выконвае.
Рэпетыцыі ў “Суседачак” кожны чацвер. Нягледзячы на тое, што ва ўсіх гаспадарка: і каровы, і свінні, і куры…
-- Нават зараз чугуны ў печы пакідалі, апрануліся ды прыбеглі.
-- Работы дома ніколі не пераробіш, а мы спяём -- і маладосць вяртаецца.
Ёсць нешта трапяткое ў тых спевах, няўлоўнае. Нібыта сон, што перарваны будзільнікам. Ты, здаецца, хапаешся за ўрыўкі-нітачкі, цягнеш іх і нязграбна адпускаеш. І калі яшчэ паўторыцца ён, страчаны сон беларускіх традыцый?
Ірына БАБІЧ.
НА ЗДЫМКУ: заспявалі “Суседачкі” журботную.
Фота аўтара.

←«Ячмень поднялся, рожь ютилась внизу...»

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика