Якубаў роздум

Источник материала:  
04.12.2009 01:00 — Новости Культуры

Якубаў роздум“На зямлі ёсць зямля -- непаўторны куток, дзе душа Песняра і натхнення выток”.

Куток гэты ў абдымках горада. Наўкол грукат і звон сталічных вуліц, а тут цішыня і спакой, іншае вымярэнне. Заходзіш сюды, заходзіш у сядзібу і тваю істоту ахінае добрая аўра, нават пах незвычайны, пах вясковай хаты, сасны, пах непакінутага жытла. Здаецца, гаспадар толькі што прыкрыў брамку і праз хвілінку вернецца сюды. Такія адчуванні з'яўляюцца заўсёды, калі я наведваюся ў той куток, дзе жыў у апошнія гады слаўны сын беларускага народа, незабыўны пясняр зямлі нашай Якуб Колас. Тут сёння месціцца Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей, якому 4 снежня спаўняецца 50 гадоў. З нагоды юбілею я зноў завітаў сюды, пакланіўся бярозцы і дубам, падыхаў гаючым паветрам. А потым сустрэўся і гутарыў з дырэктарам слыннай установы Зінаідай КАМАРОЎСКАЙ.

-- Нам і ўсім землякам нашым пашанцавала, што першым стваральнікам і дырэктарам музея быў старэйшы сын Коласа Даніла Канстанцінавіч Міцкевіч. Гэты чалавек мог стаць выдатным вучоным-хімікам. І ўсё ішло да таго. Але, бачыце, не лёс. Іншая дарога паклікала яго, і ён узяўся за высакародную справу. Дзякуючы Данілу Канстанцінавічу было сабрана і захавана шмат экспанатаў, асабістых рэчаў ягонага бацькі.
Як вядома, Якуба Коласа не стала 13 жніўня 1956 года. А ўжо на трэці дзень пасля яго смерці з'явілася ўрадавая пастанова аб ушанаванні памяці народнага паэта Беларусі, дзе сярод іншых пунктаў быў і пра стварэнне музеяў у Мінску і на радзіме песняра ў вёсцы Мікалаеўшчына. Але Мікалаеўшчыне не пашанцавала, затое з'явіліся яны на тых сядзібах, дзе жылі бацькі Якуба Коласа. Бацька яго, між іншым, быў лесніком, часта мяняў месца жыхарства. Таму створаны мемарыяльныя сядзібы і адноўлены пабудовы, якія былі ў тыя часы. Гэта Акінчыцы, дзе нарадзіўся Якуб Колас. Вёска гэтая зараз уваходзіць у межы горада Стоўбцы.
Потым варта ўзгадаць Ласток, які ў 25 кіламетрах ад райцэнтра. Сядзіба ў лесе, вельмі прыгожае наваколле. Кастусь жыў там з бацькамі з трох да васьмі гадоў. Гэта светлая мясціна стала для яго незабыўным успамінам пра дзяцінства, пра яркія і непаўторныя дні. Колас гаварыў потым, што Ласток для яго, як натхнення выток.
Пасля Ластка была Альбуць. Пра яе, я думаю, усе ведаюць. Альбуць апісана як Парэчча ў паэме “Новая зямля”. Зараз там таксама створана экспазіцыя. І прысвечана яна “Новай зямлі”.
А затым была Смольня -- збытая мара бацькі. Праўда, ён памёр у 1902 годзе ў Альбуці, не дажыў да таго моманту, калі ў іх з'явяцца ўласны кавалак зямлі і свая сядзіба. А хату гэтую дапамог пабудаваць удаве Міхала дзядзька Антось. Наваселле адбылося ў 1910 годзе. Якуб Колас не прысутнічаў на ім. Ён прыйшоў на новы родны парог толькі праз год, калі выйшаў з турмы. І там адбылася першая сустрэча будучых песняроў нашага краю. Летам 1912 года Янка Купала прыйшоў да Якуба Коласа ў госці. Яны сустрэліся ўпершыню, ім тады было па 30 гадоў, -- маладыя, цікавыя, таленавітыя, будучыя літаратурныя зоркі Беларусі.
Што тычыцца нашай сталічнай сядзібы. Калі Якуб Колас у 1944 годзе вярнуўся з Ташкента ў Мінск, то атрымаў у гэтым месцы жытло. Гэта была невялікая драўляная хатка, пабудаваная немцамі, з невялікай кухняй, без усялякіх бытавых выгод. Жонка Якуба Коласа Марыя Дзмітрыеўна сюды не вярнулася, яна ў маі 1945 года памерла ў Маскве. І пасля яе смерці паэт стала абаснаваўся тут разам з Данілам, старэйшым сынам, і Міхасем. Юрый, трэці сын, загінуў у першыя дні вайны, прапаў без вестак. У 1947 годзе да гэтай драўлянай хаткі быў прыбудаваны двухпавярховы гібрыд -- мураванка. І толькі ў 1952 годзе, да 70-гадовага юбілею паэта, пасля доўгіх прапаноў і нават пад прымусам урада Якуб Колас пагадзіўся палепшыць свае жыллёвыя ўмовы, і была зроблена прыбудова да гэтай мураванкі. І сёння яна мае такі выгляд, як і тады.
У гэтым доме і месціцца наш музей. З'явіўся ён па прапанове сыноў Якуба Коласа -- Данілы і Міхася. Яны сказалі: не трэба будаваць спецыяльны музей. Хай памяць пра бацьку жыве там, дзе ён быў, тварыў, марыў.
Супрацоўнікі яго з першых дзён, акрамя збору экспанатаў, займаліся прапагандай творчай спадчыны Якуба Коласа, шмат выдавалі альбомаў, друкаваных выданняў па жыццяпісу паэта.
 Распрацавана праектна-каштарысная дакументацыя капітальнага рамонту будынка і рэканструкцыі сядзібы. На жаль, з-за адсутнасці сродкаў мы змаглі зрабіць толькі бягучы рамонт памяшкання і рэстаўрацыю вокнаў. Наша задума і наша мара, каб на сядзібе ўстанавіць скульптурную кампазіцыю “Якуб Колас: роздум”, эскіз якой зрабіў заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі Андрэй Заспіцкі, не ажыццявілася, бо на гэта неабходна недзе каля 300 мільёнаў рублёў. А як патрэбна такая экспазіцыя, патрэбна тым, хто любіць Коласа, патрэбна гасцям нашай сталіцы, у тым ліку і замежным. З'явіўся б яшчэ адзін унікальны куточак, мемарыяльны, куды можна было б прыйсці, пахадзіць па сядзібе і сесці на лаўку каля тых дрэў, якія пасадзіў Якуб Колас -- чатыры дубы і бярозку. Бярозка -- гэта светлая памяць пра жонку Марыю Дзмітрыеўну, а чатыры дубы -- сімвал яго самога і трох сыноў. Я ўпэўнена, есць людзі -- добрыя душы, якія адгукнуцца на нашу просьбу, каб дапамагчы па збору сродкаў на ўстаноўку цікавай скульптурнай экспазіцыі.
Яўген КАЗЮКІН. 

←Вопросы веры и нации. Они самые сложные. Но на них есть четкие ответы

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика