Мастак і вечны вандроўнік
03.12.2009
—
Новости Культуры

Ён быў не проста мастаком, але і настаўнікам, пісьменнікам. А яшчэ — астраномам і, я б сказаў, першым касмолагам Беларусі.

“Ці праўда, што нашая Зямля гэта ёсьць кавалак адарванай масы ад цела самога Сонца, а наш Месяц, так сама кавалак, адарваны ад цела нашай Зямлі?” — спыталі неяк у яго. І Драздовіч адказаў: “Непраўда… Зямля нашая ўтварылася не ад Сонца, а паходзіць яна з парназоркавай, у пары з Марсам, сыстэмы, якая знаходзілася калісь дзесьць у нябесных прасторах зусім незалежна ад цяперашняга Сонца, аж пакуль Сонца, вандруючы ў нябесным прасторы ні спаткалася на шляху сваей вандроўкі з гэтаю парназоркавай сыстэмай, ды не разлучыла, палонячы іх у сваю сям’ю. А наш Месяц, Луна, па-мойму, як сем’янід сучаснай сонечнай сыстэмы, намнога старэйшы за нашу Зямлю...”
У гэтым урыўку з рукапіса Язэпа Драздовіча “Дзе мы і хто мы. Бяседы аб утварэньні сьвету. Небазнаўства” (1937) я захоўваю аўтарскі правапіс. Упершыню знаёміўся з незвычайным творам Язэпа Нарцысавіча напрыканцы 1990-х гадоў, рарытэт і па сёння знаходзіцца ў аддзеле рэдкай кнігі Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук.
Тады я ўжо ведаў пра публікацыі Арсена Ліса, які вярнуў беларусам імя “вечнага вандроўніка” ці “беларускага Леанарда да Вінчы”, як называў Драздовіча ягоны сябра мастак Пётра Сергіевіч. І ўсе гэтыя гады я час ад часу гартаў рукапісы Драздовіча ды кожны раз знаходзіў там унікальныя звесткі пра нашу гісторыю, культуру. Нешта, як мне здаецца, прэтэндуе і на новае слова ў навуцы. Дзіўлюся: чаму скарбы з духоўнай спадчыны Язэпа Драздовіча так доўга чакаюць свайго часу, каб стаць шырока вядомымі? Пэўна, таму, што яшчэ не выдадзены! Не сабраны з усіх крыніц Беларусі, Літвы, Польшы і сістэмна не вывучаны. Між іншым, іх вялікую культурна-нацыянальную каштоўнасць пацвердзілі нават вядучыя спецыялісты Расійскай акадэміі навук з Інстытута астраноміі імя Штэрнберга, члены рэдкалегіі акадэмічнага расійскага часопіса “Земля и Вселенная”. А параўнальна нядаўна і дырэктар французскага Луўра А.Луарэт пад час візіту ў Нацыянальны мастацкі музей Беларусі звярнуў асаблівую ўвагу на касмічныя працы Язэпа Драздовіча, бо заўважыў у іх “неардынарнае бачынне свету”.
Велізарны скарб: у фондах беларускіх музеяў ёсць каля 40 жывапісных і больш сотні графічных твораў, звыш 70 маляваных дываноў! А ў розных архівах, бібліятэках схавана багацейшая рукапісная спадчына “дзядзькі Язэпа”. Выставы, што час ад часу ладзяць, як на мой погляд — толькі фрагменты, слізганне па паверхні магутнага космасу чалавека, які тварыў у вельмі цікавую пару беларускага адраджэння 1910-1930-х гадоў і пазней.
Між іншым, у гэтай справе намячаюцца зрухі: культуролагі, навукоўцы выношваюць ідэю стварэння ў Мінску, дзе працаваў Драздовіч у 1919-1920-гадах, музея ці культурна-асветніцкага цэнтра яго імя. Тады можна будзе і вывучаць спадчыну, і праводзіць экскурсіі і практычныя заняткі непасрэдна сярод прац “небазнаўцы”. Што ж датычыць рукапіснай спадчыны, то яна ў большасці сабрана і падрыхтавана мною да выдання.

Яго прыцягвала мінуўшчына. У 20-30-я гады стварыў графічныя серыі “Полацкія князі”, “Глыбокае”, “Свір”, унікальную калекцыю “Піншчына”, альбомы замкавага дойлідства “Наваградак”, “Крэва “, “Меднікі”, “Ліда”. Жывапісныя ж гістарычныя серыі, прысвечаная роднай Полаччыне, асветніку Ф.Скарыну з’явіліся пазней. А для свайго “гістарычна-бытавога рамана “Гарадольская пушча” Драздовіч стварае серыю тыпажоў з XI стагоддзя, яго незвычайныя казачныя выявы ілюструюць і апавяданні, што засталіся пераважна ў рукапісах.
А яшчэ яго вялікая любоў — неба. Свае дзіцячыя захапленні астраноміяй Драздовіч здолеў прадоўжыць толькі на пачатку 30-х, калі застаўся беспрацоўным і пэўны час жыў у Вільні. У 1931 годзе там і выдаў першую на беларускай мове кнігу па астраноміі “Нябесныя бегі”. Яе ўпрыгожылі 15 лінарытаў, на якіх паказаны “цэнтрацяжная дзейнасць зямной кулі”, “адлегласцевая ўзаемацяжнасць Зямлі з Месяцам”, ”раскрой Сонцавага ядра”... Аўтар выкладае свае гіпотэзы, напрыклад, аб фізічным стане планеты Сатурн.

Яшчэ ў 1913 годзе Язэп Драздовіч марыў і разважаў над тым, калі ў Беларусі “хараства прыйдзе час”. Ён быў упэўнены ў тым, што на роднай зямлі “знойдуцца людзі, іх пашлець Бог і выдасць новае пакаленне народу на пакрасу жыцця”.
Юрась Малаш