Орос Цагаан, мая шыпшына!
Як называюць Беларусь іншыя народы ды ў іншых краінах? Belarus, Baltkrievija, Ruthenia Alba, Gudija, Rajsn...
Гатоўнасць расійскага МЗС называць нашу краіну «Беларусь» і негатоўнасць Інстытута расійскай мовы пазбыцца назва «Белоруссия» выклікалі палкія спрэчкі найперш у нашай краіне: ці маюць права замежнікі называць Беларусь, як яны прывыклі, ці мусяць пільнавацца спушчанага з нашай краіны стандарту? Замест таго каб прымаць чыйсьці бок у палеміцы, мы надумалі, не засяроджваючыся на ўсходнім суседзе, зірнуць: а як клічуць нашу краіну іншыя народы?
Літва, Латвія. На першы погляд, рамантычныя назвы па-літоўску Балтарусія (Baltarusija) і па-латышску Балткрывія (Baltkrievija) насамрэч выяўляюцца тымі ж Белымі Расіямі, паколькі на мовах нашых суседзяў корань balt- азначае зусім не балтыйскі, як мройна думаецца, а звычайны «белы». Цікава, што літоўцы маюць і дадатковую, досыць пашыраную, хіба менш афіцыйную, назву нашай краіны, Гудыя (Gudija). У філолагаў і гісторыкаў няма згоды: адныя выводзяць слова «гуды» (gudai) ад старажытных готаў, іншыя цвердзяць, што першапачаткова літоўцы гэтак назвалі ўсходніх славянаў ці проста замежнікаў, людзей з адрознай мовай.
Апошнім часам у Нямеччыне, не ў апошнюю чаргу дзякуючы старанням міністра замежных справаў РБ Сяргея Мартынава, (узгадаем сёлетні выпадак, калі на прэсавай канферэнцыі ён паправіў нямецкага журналіста) спакваля пераходзяць з назвы Weißrussland на Belarus.
Праз нямецкія карані мовы ідыш беларускія габрэі таксама кажуць Вайсрусланд, маючы аднак на запас сваё адметнае слова — Райсн (хутчэй за ўсё ад старанямецкага Reussen). У прыватнасці, у 30-ыя гады ХХ ст. назву Rajsn папулярызаваў смаргонец Мойшэ Кульбак: у сваёй аднаймённай паэме на ідышы ён апяяў Беларусь і яе людзей. Слова Rajsn выводзіцца ад старажытнага «Русь», з тых часоў, калі Руссю называлі праваслаўныя землі Беларусі і Украіны, а Расію, у адрозненне ад іх, велічалі «Масковіяй».
Увогуле кажучы, двоеўладдзе назваў, якое назіраецца ў Нямеччыне, уласцівае для шмат якіх краінаў свету. Шмат дзе на змену Белай Расіі ў разнастайных яе мясцовых версіях, прыйшла больш стандартная Belarus. Напрыклад, у мангольскай мове, дзе колісь панавала назва Цагаан Орос («цагаан» азначае «белы»), цяпер прышчапляецца звыклая нам імя. Дадамо: паколькі мангольцы выкарыстоўваюць кірыліцу, то яны так і пішуць, зусім ужо па-нашаму, «Беларусь». А вось у ціхай Эстоніі, здаецца і не думаюць пакідаць экзатычную для беларускага вуха назву Валгевэнэ (Valgevene). Тут таксама valge азначае «белы». А венеды – старажытнае, даславянскае племя, ад якога ў Эстоніі прынята весці гісторыю ўсходніх славянаў.
У бітву за Беларусь ужо ўцягнуты нават антычныя мовы. Жывыя носьбіты не вельмі жывой лаціны таксама маюць неадназначны погляд на назву нашай краіны. У лацінамоўным артыкуле «Вікіпедыі», сеціўнай энцыклапедыі, пададзеныя два тапонімы: Ruthenia Alba і Belorussia. Вядома, у час рымлянаў ні Беларусі, ні Расіі, ні нават Русі не існавала, але назва з"явілася падчас росквіту гэтак званай сярэдневечнай лаціны, мовы культурных зносінаў таго часу, калі па сутнасці навукоўцы прыдумалі слова Ruthenia (Русь). Alba ж азначае «Белая». Дарэчы, гісторыкі Латышонак і Белы даказалі, што назва «Беларусь» спачатку была прыдуманая на лаціне, заходнімі храністамі, а пасля ўжо перанесеная на славянскую мову для самаідэнтыфікацыі насельнікаў нашага абшару.