У Беларусi выдадзена першая папулярная бiяграфiя Янкi Купалы

Источник материала:  
03.12.2009 10:11 — Новости Культуры
Сцежкамi Купалавага лёсу вядзе Уладзiмiр Лiпскi, аўтар кнiгi "Янкаў вянок", юных чытачоў.

У гэта нават цяжка паверыць: мiнула 67 гадоў з дня трагiчнай смерцi класiка беларускай лiтаратуры Янкi Купалы, на яго творах ужо выхавалася не адно пакаленне беларусаў, а цэласнай папулярнай бiяграфii паэта, адрасаванай дзецям, дасюль не было (раман-эсэ Алега Лойкi "Як агонь, як вада", выдадзены ў свой час у вядомай савецкай серыi "ЖЗЛ" i перавыдадзены потым на роднай мове ў Беларусi, што б там нi казалi, разлiчаны ўсё ж на сталага i дасведчанага чытача). I вось нарэшце-такi недаравальны шматгадовы прабел лiквiдаваны: сёлета ў выдавецтве "Мастацкая лiтаратура" выйшла кнiга Уладзiмiра Лiпскага "Янкаў вянок".

Пiсьменнiк пачынае свой аповяд пра паэта, як i належыць выкладаць любую бiяграфiю, з раздзела "Купалава дрэва", дзе перад чытачамi паўстае трохвяковая радаслоўная Луцэвiчаў, згадваюцца далёкiя i блiзкiя родзiчы самага вядомага з iх — Iвана Дамiнiкавiча, якi абраў сабе лiтаратурны псеўданiм Янка Купала.

Старонка за старонкай, няспешна, нiбы крок за крокам, аўтар вядзе юных чытачоў па лесвiчных прыступках лёсу Янкi Купалы: ад дня нараджэння 25 чэрвеня (7 лiпеня) 1882 года i да дня трагiчнай смерцi 24 чэрвеня 1942 года. У шасцi­дзесяцi­гадовым адрэзку, якi пралёг памiж гэтымi дзвюма датамi, — змястоўна-насычанае жыццё паэта, дзе шчаслiвыя хвiлiны творчай апантанасцi мяжуюць з месяцамi зацятага маўчання, калi ён адкладваў у бок пяро, спрабуючы разабрацца ў ня­простых палiтычных калiзiях пераломнага часу ў гiсторыi маладой савецкай дзяржавы.

Распавядаючы пра жыццёвы шлях Янкi Купалы, Уладзiмiр Лiпскi не ад­дзяляе яго ад твораў, напiсаных на гэтым шляху, бо яны звязаны i часава, i падзейна, i тэматычна. Такiм чынам, чытачы даведаюцца, як ствараўся i пры чыёй дапамозе выдаваўся першы паэтычны зборнiк песняра "Жалейка", пры якiх абставiнах напiсаны паэмы "Курган", "Безназоўнае", "Тарасова доля", "Над ракой Арэсай", хто стаў прататыпам галоўнай гераiнi i сягоння папулярнай у гледачоў камедыi "Паўлiнка", што падштурхнула да перакладу "Слова пра паход Iгаравы" i вершаў украiн­скага Кабзара — Тараса Шаўчэнкi.

Безумоўна ж, аўтар кнiгi не мог пакiнуць без увагi творы класiка беларускай лiтаратуры, адрасаваныя дзецям. Асобныя з iх ён прыводзiць у кнiзе. А вось вершу "Хлопчык i лётчык", якi ў перакладзе на рускую мову так любiў першы касманаўт Юрый Гагарын, Уладзiмiр Лiпскi прысвяцiў цэлы раздзел, адкуль можна даведацца i пра гiсторыю яго напiсання, i прачытаць каментарый да кожнай цытуемай страфы — як кажуць, гатовы канспект падрыхтоўкi да ўрока. Згадваюцца ў кнiзе "Янкаў вянок" i зборнiкi вершаў i казак, якiя апрацавала i склала для дзетак-беларусаў жонка паэта Уладзiслава Францаўна Луцэвiч.

Прыемна адзначыць, што Уладзiмiр Лiпскi не проста дэкларуе факты з жыцця i творчасцi народнага паэта Беларусi; ён выкладае фактычны матэрыял так, каб чытачы не толькi сузiралi тагачасныя падзеi, а як бы i самi далучалiся да iх: думалi, разважалi, перажывалi. Нярэдка ўзнiкае такое адчуванне, што ты не чытаеш кнiгу, а быццам разам з яе аўтарам, а заадно i самiм паэтам летуеш у Акопах цi на дачы ў Ляўках, iдзеш берагам Нёмана на сустрэчу з Якубам Коласам цi маўклiва схiляешся над шахматнай дошкай, пакiдаеш пад нямецкай бамбёжкай родны Мiнск цi прысутнiчаеш у сакавiку 1942 года на сесii Акадэмii навук БССР у Казанi, вандруеш па гарадах i вёсках роднай Беларусi цi блукаеш роснымi сцежкамi паэтавага натхнення — сцежкамi лёсу непаўторнага Купалы, якiмi правёў чытачоў у кнiзе "Янкаў вянок" лаўрэат Дзяржаўнай прэмii Уладзiмiр Лiпскi.

←В Гродно по субботам начали "крутить" фильмы ночь напролет

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика