Ніна Мацяш сярод лаўрэатаў прэміі Калесніка
На Брэстчыне ўручылі літаратурную прэмію імя Уладзіміра Калесніка лепшым пісьменнікам вобласці. Узнагароджанне прайшло 1 снежня ў Лунінецкім раёне.
![]() Ніна Мацяш |
У намінацыі «Паэзія» быў адзначаны зборнік вершаў Ніны Мацяш «У прыгаршчах ветру» (пасмяротна). Лепшымі кнігамі прозы сталі «Пастка для рэха» Алеся Паплаўскага і «Встречі» Аляксандра Юдіцкага. «Свята для сэрца. Невялікія гісторыі для маленькіх беларусаў» Анатоля Бензерука атрымала дыплом у намінацыі «Дзіцячая літаратура».
Інтрыга ў тым, што прэмія імя Уладзіміра Калесніка была заснавана ў 2007 годзе канкрэтна для сяброў чаргінцоўскага Саюза пісьменнікаў.
Толькі зварот сакратара Брэсцкага аддзялення незалежнага Саюза беларускіх пісьменнікаў Ніны Мацяш да старшыні аблвыканкама змяніў сітуацыю. Чыноўнікі перасталі дзяліць літаратараў на сваіх і чужых.
Прынамсі, лаўрэатамі прэміі станавіліся сябры абодвух саюзаў. І сёлета сама Ніна Мацяш атрымала прэмію. Паспрыяла гэтаму, відаць, і тое, што кніга выйшла ў дзяржаўным выдавецтве «Літаратура і Мастацтва».
У папярэднія гады прэміяй імя Уладзіміра Калесніка былі ўганараваны Алесь Каско, Міхась Рудкоўскі, Мікола Пракаповіч, Зінаіда Дудзюк, Мікола Купрэеў, Валерый Гапееў, Васіль Ласковіч, Расціслаў Бензярук, Валерый Грышкавец.