А ці быў Авідзій?
Масон Адам Міцкевіч прыязджаў на Палессе, каб пабачыць месца пахавання рымскага паэта
Назва Лунінец — адна з самых незвычайных на Палессі. Ад яе быццам вее чымсьці казачным, нерэальным, звязаным з прывідамі. Можа, таму і ў гісторыі лунінецкага краю ёсць нешта фантастычнае. Вось Авідзій у пачатку нашай эры быў тут пахаваны, вось палонныя французы носяць у шапках зямлю, каб насыпаць узгорак для царквы... Карацей, паданняў тут шмат. Праўда, гісторыкі тлумачаць назву Лунінец больш празаічна (нібыта яна пайшла ад слова “луно” — яма ў балоце), але ж празаічнасці ў нашым жыцці і так хапае...
Беднасць Коласа, служба Блока, каханне Сухога
У розныя часы ў Лунінцы пабывала нямала вядомых людзей. У большасці сваёй яны тут доўга не затрымліваліся, аднак імёны іх трапілі ў летапіс краю (пра гэта сведчаць мемарыяльныя шыльды і помнікі). Так, вядомы ў будучым савецкі авіяканструктар Павел Сухі тры гады — з 1918-га па 1920-ы — выкладаў у мясцовым чыгуначным вучылішчы матэматыку. Менавіта тут ён закахаўся ў калегу-настаўніцу. З ёй і звязаў усё сваё жыццё.Крыху раней, у 1916 годзе, на Палессе завітаў Аляксандр Блок. Падчас Першай сусветнай вайны інжынерна-будаўнічы полк паэта, у якім той служыў табельшчыкам, стаяў у вёсцы Лобча.А ў 1911 годзе ў Лунінец прыехаў Якуб Колас, хаця тады ён яшчэ быў проста Канстанцінам Міцкевічам. Пясняр толькі выйшаў з мінскага астрога, дзе адбываў пакаранне за ўдзел у падпольным настаўніцкім сходзе. У палескі гарадок ён прыехаў да аднакашніка, з якім вучыўся ў Нясвіжскай семінарыі. Разлічваў, што зможа ўладкавацца на працу, але яму не пашанцавала. Колас перабіваўся прыватнымі ўрокамі, зарабляў капейкі, а таму неўзабаве з’ехаў на Піншчыну, у Люсіна. Праўда, перад гэтым ён пачаў пісаць першую частку паэмы “Сымон-музыка”...
Чырвонае золата Лунінеччыны
Даём бясплатную “антыкрызісную” параду: калі вам трэба набыць шмат клубніц, прыязджайце дзесьці ў сярэдзіне чэрвеня ў Лунінецкі раён. А дакладней — у вёску Дварэц. Менавіта тут знаходзіцца беларуская сталіца “клубніцаводства”. Градкі, адведзеныя пад духмяную ягаду, можна сустрэць ля кожнай хаты. На вясковы кірмаш прыязджаюць фуры з Піцера, Масквы, каб закупіць “чырвонае золата Лунінеччыны” (так называюць клубніцы мясцовыя). Дарэчы, у Дварцы ягада каштуе ў разы тры менш, чым у абласных цэнтрах. Так што выдаткі на паездкі сябе акупляюць...
Магіла Авідзія
Рымскі паэт, які праславіў сябе паэмамі “Метамарфозы” і “Навука кахання”, на схіле жыцця трапіў у няласку да імператара Аўгуста (магчыма, “дзякуючы” празмернаму эратызму некаторых твораў). Вынік — выгнанне на бераг Чорнага мора. Паводле падання, адтуль па Дняпры, а пасля па Прыпяці Авідзій і дабраўся да наваколляў Кажан-Гарадка. Там і памёр. На месцы яго пахавання насыпалі ўзгорак, які сёння завецца Відзіш-гара. Некаторыя сцвярджаюць, што Відзіш — перайначанае славянамі імя “Авідзіўш”.— Толькі пяць працэнтаў са ста, што тут пахаваны Авідзій, — прызнае мясцовы краязнаўца Рыгор Дзмітровіч. — Але ў гэта многія верылі. Напрыклад, вядома, што ў Кажан-Гарадок прыязджаў Адам Міцкевіч. Прыязджаў менавіта для таго, каб пабачыць магілу Авідзія. Рымлянін аказаў значны ўплыў на творчасць паэта. А яшчэ Міцкевіч разам з Пушкіным уваходзілі ў масонскую ложу, якая насіла імя... Авідзія!
Лабелія Дортмана: жамчужына Белага возера
Спачатку колькі слоў пра само возера. Афіцыйна яго глыбіня складае каля 20 метраў, але мясцовыя кажуць, што будзе ўсе 30. Вада тут чыстая, празрыстая, з чым нават звязана адна гісторыя. Падчас вайны ў возера ўпаў самалёт. І сёння ў ясны дзень нібыта можна бачыць, як ён ляжыць на дне. Нам, на жаль, з надвор’ем не пашанцавала, так што давялося паверыць тутэйшым на слова.У Белым шмат падводных плыняў. Можа, менавіта з-за іх возера такое чыстае. Але ж халодныя струмені вады ўяўляюць пэўную небяспеку для чалавека — яны могуць справакаваць сутаргу. Таму на Белым далёка лепш не заплываць, а заставацца каля берага. Тым больш што там можна пабачыць унікальную лілею — лабелію Дортмана. У Еўропе гэтую рэліктавую кветку не сустрэнеш, а на палескім возеры “чырванакніжніца” ўтварае даволі густыя зараснікі. Лунінчане ацаналі шчодрасць прыроды — лабелія Дортмана ўпрыгожвае сцяг горада.
Кар’ер у Мікашэвічах, або “БелАЗ” з пачак
Мікашэвіцкі “Граніт” — найбуйнейшае ў Еўропе прадпрыемства па здабычы і перапрацоўцы граніту на шчэбень. А для такіх маштабаў патрэбны адпаведны кар’ер, каб здабываць горную пароду. На шчасце, у Мікашэвічах такі ёсць. Як і прадпрыемства, найбуйнейшы ў Еўропе. Чымсьці яго ландшафт нагадвае дэкарацыі фантастычных фільмаў. Напэўна, таму кіношнікі і панадзіліся ездзіць на кар’ер. Летась, напрыклад, тут здымалі стужкі “Маёр Ветраў” і “Чачня”.Плошча гранітнага радовішча — 643 гектары, глыбіня — 130 метраў. Калі з краю кар’ера назіраць за гігантамі “БелАЗамі”, якія ездзяць унізе, то яны падаюцца жоўтымі карлікамі памерам з пачак запалак.
Свята-Мікалаеўская царква, цвікі і французы
Пра царкву ў Кажан-Гарадку кажуць, што яна пабудавана без аніводнага цвіка. Настаяцель храма айцец Дзмітрый гаворыць, што гэта не зусім так. Цвікі выкарыстоўваліся, але, большай часткай драўляныя. Каваныя спатрэбіліся толькі для падлогі. Тым не менш наяўнасць цвікоў не робіць царкву менш унікальнай: яна цалкам складзена з бярвенняў без аніякіх перакрыццяў — ад фундамента да самых купалоў (усяго іх пяць)! У Беларусі такіх храмаў, можа, больш і няма.Купалы царквы прыкметна пакасіліся. Асабліва гэта стала відавочна пасля рамонту ў 1956 годзе. Да гэтага часу царква трымалася на апорных палях. Але тагачасныя чыноўнікі міністэрства культуры вырашылі палі прыняць і замест іх заліць добры фундамент. Айцец Дзмітрый не наракае на той рамонт. Кажа, што купалы пакасіліся значна раней...Царква стаіць на насыпным кургане. Паводле мясцовага падання, яго насыпалі палонныя французы, прычым зямлю яны насілі ў сваіх шапках. Святар у легенду пра французаў не верыць, але дапускае, што ў кургане можа быць пахаваны мясцовы пан Шчыт. Магчыма, с цягам часу яго магіла разбурылася, абвалілася, а таму і царква патроху асядае. Гады тры таму яе планавалі ўсур’ёз адрамантаваць, але архітэктурны помнік рэспубліканскага значэння, збудаваны ў 1818 годзе, патрабуе далікатнага стаўлення і адпаведных папяровых працэдур.
Чыгунка на балоце
Урадлівых зямель на Палессі да меліярацыі было нямнога. І вестка пра тое, што ў балотны край прыйдзе чыгунка, мала ў каго выклікала энтузіязм. Асабліва ў буйных землеўласнікаў, якія добра разумелі, што рэйкі і шпалы па балоце класці не будуць. Паны ўпрошвалі чыноўнікаў, інжынераў, не скупіліся на хабары, каб толькі чыгунка абмінула іх уладанні. Нягледзячы на гэта, менавіта чыгунка сыграла вялікую ролю ў гісторыі Лунінца і менавіта дзякуючы ёй невялікае мястэчка ператварылася ў горад. Хаця і тут не абышлося без прыгод. Калі ў канцы ХІХ стагоддзя царскія ўлады збіраліся надаць Лунінцу статус горада, местачкоўцы запратэставалі. І толькі ў 1921 годзе палякі без усялякіх рэферэндумаў ажыццявілі “ўрбанізацыю”...30 снежня гэтага года чыгуначная ветка Пінск — Лунінец — Вільня адзначыць сваё 125-годдзе.