У джазе толькі Гамсун
Кнут Гамсун і джаз? Немагчыма.
Хто як не Гамсун, дружна забыты геній сусветнай літаратуры (а сёлета сям-там адзначалі яго 150-годдзе), што пасля сваіх бадзянняў па заходніх краінах выказаўся супраць таго, што паважаў сусветнай цывілізацыяй абыякавасці, хто як не гэты аматар завесці чалавечую мару аб светлай капіталістычнай будучым у добра абгрунтаваны тупік, ёсць найвялікшым праціўнікам музыкі, якая нарадзілася ў самым сэрцы той будучыні, Амерыцы? Думкі пра сябе-таленавітага, сябе-самотнага, роздумы пра татальную заганнасць сучаснай цывілізацыі, вяртанне ў пачуццёвую архаіку, ніяк не стасуюцца з джазам, пачынальнікам папулярных, агульназвыклых да неадчувальнасці рытмаў. Можа, адказ палягае ў тым, што і сам джаз, прамінуўшы часы росквіту, зрабіўся музыкай самотных, шчымлівым рытмам несучаснасці, у такт якога трапляе толькі сам выканаўца і два-тры прысутных гледача?
Імпрэза, якая адбудзецца 1 снежня ў Белдзяржфілармоніі мае спалучыць неспалучальнае:
вытрымкі з літаратурных твораў Гамсуна, (у выканні расійскай акторкі Марыі Шуставай) якія будуць чаргавацца з мелодыямі сучаснага джазу ў выканні нарвежца Яна Гунара Хофа і яго джаз-трыё.
«Гэта не будзе джаз у звыклым разуменні слова, калі нехта начытваць словы пад гукі дыксілэнда, - кажа Ігар Галуза, адзін з арганізатараў канцэрту, - На імпрэзе будзе гучаць музыка джазавага кампазітара Ян Гунар Хоф, але не ў якасці акампанементу, гэта асэнсаваны роздум над словамі Гамсуна, перадача яго ўнутранай драматургіі».
Музычна-літаратурны праект, ужо пабываў у Нарвегіі, Расіі, даехаў і да Беларусі. Нам абяцаюць нешта інтрыгоўнае: Беларуская дзяржаўная філармонія. Вялікая канцэртная зала. Імпрэза «Кнут Гамсун у словах і джазе»;
- музыка: Jan Gunnar Hoff Trio (Нарвегія)
чытанне: Марыя Шустрава (Расія)
вядоўца: Дзмітры Падбярэзскі.
Пачатак а 19-й.
***
Кнут Гамсун (Пэдэрсан) (1859-1952) – нарвежскі пісьменнік, лаўрэат Нобелеўскай прэміі (1920 г.) Першы сусветны поспех яму прынёс раман «Голад» (1890) – споведзь мастака-пачаткоўца, што ўсведамляючы ўласнай велічы ў патэнцыяле, сутыкаецца з ледзяной нішчымнасцю свету.
Раман «Пан» - пра татальныя ўцёкі ў прыроду, у дачалавечае царства, у свет пачуццёвага. Адно з вяршыняў творчасці раман «Сокі зямлі» (1917), дзе з вялікай замілаванасцю распавядаецца пра нарвежскіх сялян Ісака ды Інгер, які захавалі сваю прывязанасць да зямлі і адданасць патрыярхальным традыцыям.