У Мінску пройдзе фотавыстава, прысвечаная Дню памяці ахвяраў Галадамора
У Гістарычнай майстэрні па вуліцы Сухой, 25, у Мінску 27 лістапада адбудзецца адкрыццё фотавыставы «Пакараныя голадам: невядомы генацыд украінцаў 1932—1933», прымеркаваны да Дня памяці ахвяраў Галадамора.
Пра гэта паведамілі ў пасольстве Украіны.
Экспазіцыя складаецца з 33 стэндаў, створаных міжнародным дабрачынным фондам «Украіна 3000» (старшыня назіральнага савета — Кацярына Юшчанка, жонка прэзідэнта краіны) і вырабленых паводле замовы пасольства Украіны ў Беларусі ў 2008 годзе. На стэндах размешчаны сведчанні відавочцаў Галадамора, фотакопіі дакументаў савецкіх органаў дзяржбяспекі, статыстычныя звесткі і фатаграфіі першай трэці XX стагоддзя.
28 лістапада ў мінскім Свята‑Духавым кафедральным саборы адбудзецца паніхіда па ахвярах Галадамора 1932—1933 гадоў ва Украіне,
а ў касцёле святых Сымона і Алены (Чырвоны касцёл) — святая імша ў памяць аб бязвінна закатаваных людзях.