Галоўны кінематаграфіст Беларусі вызвалены ад займанай пасады
Дырэктар Дэпартамента па кінематаграфіі Міністэрства культуры Беларусі Максім Буданаў вызвалены ад займанай пасады і звольнены з Міністэрства культуры Беларусі.
Аб прычынах адстаўкі галоўнага кінематаграфіста краіны нічога не паведамляецца. Вядома толькі, што звальненне Буданава адбылося з прычыны пагаднення бакоў. Рашэнне аб яго адстаўцы, прэм’ер‑міністр Беларусі Сяргей Сідорскі падпісаў адразу ж пасля завяршэння Мінскага міжнароднага кінафестывалю «Лістапад‑2009».
Зрэшты, у міністэрстве не звязваюць адстаўку дырэктара Дэпартамента па кінематаграфіі з вынікамі кінафестывалю.
Хутчэй, звальненне Буданава адбылося ў рамках абнаўлення кадраў Міністэрства культуры, якое зараз праводзіць новы міністр Павел Латушка.
На сваёй пасадзе Буданаў нічым асаблівым сябе не праявіў і толькі сёлета адзначыўся ініцыятывай бязвыплатнага вяртання Беларусі фільмаў, знятых кінастудыяй «Беларусьфільм» за савецкім часам. Праўда, з гэтай задумы нічога людскага не выйшла.
Іван Разініч, Ежедневник