Стары Ольса сабраў лепшае. І вырашыў не пiсаць свайго
Яшчэ адзiн музычны юбiлей будзе адзначаны днямi канцэртам. Гурт «Стары Ольса» 28 лiстапада запрашае прыхiльнiкаў у КЗ «Мiнск» на праграму «Лепшае», прысвечаную 10‑годдзю калектыву.
Днi нараджэння гурты адзначаюць па‑рознаму — адны збiраюцца вузкiм колам, iншыя запрашаюць усiх, з кiм працавалi ў мiнулыя гады. «Стары Ольса» якраз з гэтай другой катэгорыi. Паводле словаў лiдара калектыву Змiцера Сасноўскага, з усiмi былымi ўдзельнiкамi ў гурта захавалiся добрыя стасункi, таму ўсе яны запрошаныя на юбiлей. Напрыклад, разам з барабаншчыкам «Ольсы» Сяргеем Тапчэўскiм, якi цяпер служыць у 120‑й танкавай брыгадзе пад Мiнскам, на канцэрт прыйдуць саслужыўцы i камандаванне вайсковай часці.
З iншых жа музыкаў шмат хто цяпер жыве ў iншых гарадах i нават краiнах, таму iм складана будзе прыехаць — а тым больш выйсцi на сцэну з гуртам без папярэднiх рэпетыцый. I ўсё ж такая iмправiзацыя не выключаная.
Парадаваць жа слухачоў гурт абяцае лепшым i выбраным, тым больш, выбiраць ёсць з чаго — за 10 гадоў запiсаныя 6 студыйных альбомаў, 2 канцэртныя i адзiн музычна‑лiтаратурны праект. «Мы спачатку думалi зрабiць канцэрт па заяўках, але звычайна атрымлiваем спiс адных i тых жа кампазiцый, таму вырашылi разнастаiць выступленне — акрамя ўлюбёных людзьмi кампазiцый, абавязкова выканаем творы з «Полацкага сшытка», — анансаваў праграму Змiцер Сасноўскi. Гурт абяцае таксама наладзiць iнтэрактыў — шчыра адказаць на пытаннi залы, часткова падчас канцэрту, часткова пазней на сваiм афiцыйным сайце.
Праз некалькi дзён убачыць свет альбом «Лепшае», якi музыкi складалi па вельмi простым прынцыпе — як часта той цi iншы хiт замаўляла выканаць публiка.
— Але я быў супраць назвы «Лепшае», — прызнаўся лiдар гурта. — Гурт, якi выпускае альбом з такой назвай, далей будзе рабiць толькi горшае, цi што?
Каб не страцiць марку, надалей «Стары Ольса» вырашыў адмовiцца ад напiсання ўласных твораў i займацца толькi адраджэннем беларускай музычнай спадчыны — тым больш, што яе, перакананыя музыкi, усiм беларускiм медыяваль‑гуртам да канца жыцця хопiць.
Вiкторыя Целяшук, Звязда
***
Стары Ольса
28 лістапада ў КЗ «Мінск» — канцэрт «Старога Ольсы», прысвечаны 10‑годдзю гурту.
Пачатак а 19‑й.