Гурту J:mors – 10 год
Сёлета багата якія гурты адзначаюць круглыя даты свайго існавання. N.R.M., Neuro Dubel, B.N. А 8‑га снежня і J:mors.
Адзначыць гэту дату музыканты вырашылі эксклюзіўнай праграмай «Канцэрт у тэатры — сеанс з выкрыццём», якую і пакажуць 8‑га снежня ў Купалаўскім тэатры (у аўторак акурат у тэатры няма спектакляў).
Плануецца, што падчас выступу прагучаць не толькі вядомыя хіты, але і песні, якія ўжо даўно не выконваліся на сцэне, пачынаючы з самага першага альбома «Асарці» (2000). Музыканты абяцаюць, што песні будуць прадстаўлены ў спецыяльных аранжыроўках.
«Паводле атмасферы гэта будзе свайго роду канцэрт‑спектакль — з рознымі нестандартнымі для нас інструментамі, з цікавымі гасцямі і ў асаблівым месцы. Увогуле, такога роду выступаў у нас яшчэ не было», ‑‑ піша Уладзімір Пугач на афіцыйным сайце гурта.
Першапачаткова гурт называўся «No Logo». Гэта быў дуэт студэнтаў‑юрыстаў Уладзіміра Пугача і Арцёма Лядоўскага. У 1999 годзе да іх далучыўся гітарыст Раман Арлоў, які прапанаваў змяніць назву. Існуе версія, што новая назва гурта звязана з імем гітарыста «Deep Purple» Стыва Дж. Морса (па‑англійску — Steve J. Morse).
Ад 2000‑га года ў дыскаграфіі J:mors выйшла 11 альбомаў, сярод якіх і адзін цалкам беларускамоўны дыск «Адлегласць».