Скон Амерыкі
2012
ЗША, 2009, каляровы, 158 хв.
Рэжысёр: Роналд Эмерых
Ролі выконваюць: Джон К’юсак, Аманда Піт, Чэвітэл Эджыафор, Вудзі Харэльсан, Тэндзі Н’ютан, Дэні Гловер
Жанр: Фільм-катастрофа
Адзнака: 6,5 (з 10)
Дапытлівы навуковец адкрывае, што Зямлю чакае маштабная катастрофа, ад якой луснуць цэлыя кантыненты. Дзяржавы-гіганты ўпотайкі будуюць выратавальныя каўчэгі, а галоўны герой карціны з дзеткамі адпраўляецца ў Елаўстоўнскі парк, дзе катастрофа і пачынаецца.
Роналд Эмерых, тата «Дня незалежнасці» і абноўленае «Гадзілы» — знаны аўтар відовішчнага кіно. І відовішчаў у фільме задосыць: шыкоўныя землятрусы, якія пераследуюць машыну, абвалы матэрыкоў, горы, затопленыя акіянам.
У перапынках героі паспяваюць аднавіць сем’і прызнацца ў каханні. У амаль трохгадзіннай стужцы ёсць месца й гумару: мардаты рускі алігарх ладзіць канцэрты жлобства, а вар’яцкі дыджэй вядзе вясёлы рэпартаж з апраметнай.
Роналд Эмерых ставіць рубам пытанне: «Ці вартае выратаванае чалавецтва слязінкі дзіцяці, задушанага ў чэргах на каўчэг?» — і дае сама правільны маральны адказ, прапагандуючы мір, сяброўства і міжнароднае супрацоўніцтва.
Але за кіношнымі катастрофнымі жахамі хаваецца сур’ёзны геапалітычны пераварот. Эмерых прызнаецца, што Амерыка як лідэр сканала: яе прэзідэнт-мурын гераічна гіне ля Белага дома, ратуючы людзей. Новыя героі — кітайцы, якія і будуюць каўчэгі. А чарговая цывілізацыя пачнецца з Афрыкі.
Кінатэрміны
Кінападзеі
Усе фільмы
Кінатворцы