“Дзікія танцы” на сельскай сцэне

Источник материала:  
18.11.2009 01:00 — Новости Культуры
“Дзікія танцы” на сельскай сцэнеВыпускніца Гродзенскага вучылішча мастацтваў Ала Дзенісовіч прыехала за мужам у Альманы Столінскага раёна. Хутка стала весці ўрокі рытмікі і танца ў мясцовай школе. Стварылі тут і танцавальны гурт “Пралеска”…
На першую рэпетыцыю прыйшлі ажно 40 чалавек! Рэпетыцыі праходзілі ў кутку трэнажорнай залы. Праблемы былі і іншага характару. Бацькі не надавалі значэння мастацкаму развіццю дзяцей. Ды і збірацца на рэпетыцыі ўдавалася тады, калі выкапана бульба, вырваны калгасныя буракі, дзеці вярнуліся з аздараўлення ў лагерах і санаторыях.
Цяпер рэпетыцыі па-ранейшаму праходзяць у школе, але ўжо ў спецыяльна абсталяваным для танцаў класе -- са станкамі і люстрамі.
Тут Ала Мікалаеўна развучвае з дзецьмі танцы розных жанраў.
Сёлета спаўняецца 15 гадоў з часу стварэння танцавальнага гурта “Пралеска”. Упершыню альманскія танцоры паказалі сябе на конкурсе сучаснага эстраднага мастацтва “Зоркі Палесся”, які штогод ладзіцца ў канцы мая ў Століне. Цяпер іх ведаюць, любяць і заўсёды чакаюць, бо кожнае выступленне на раённай сцэне прыемна ўражвае і здзіўляе.
…Гурткоўцы з паездкі ў Галандыю прывезлі сувеніры -- драўляныя чаравічкі кломпы. Узнікла ідэя паставіць танец у такім абутку.
Загарэўшыся “дзікімі танцамі” Русланы пасля Еўрабачання, усяго за тры тыдні развучылі новую кампазіцыю. Убранне збіралі па ўсёй вёсцы. У ход ішла футра ліс, андатраў, баброў, трусоў. І хутка ў класе стаяў пыл слупом!
Цяпер у арсенале “Пралескі” каля трынаццаці танцаў, якія не сорамна паказаць спецыялістам. Калектыў можа прадставіць гадзінную канцэртную праграму.
Сёлета аматарскае аб'яднанне “Кола” Альманскага СДК (кіраўнік таксама Ала Дзенісовіч) сумесна з ансамблем народнай песні “Ярок” работнікаў устаноў культуры раёна падрыхтавалі фрагмент траецкага абраду, з якім выступілі на народным свяце ў вёсцы Белавуша. Дзявочы калектыў папоўнілі восем хлопчыкаў.
-- Калі гэтыя хлопчыкі вытрымаюць год, паспрабую ставіць іх з дзяўчынкамі ў парныя танцы, -- дзеліцца планамі Ала Мікалаеўна.
Да фанатызму апантаная любімай справай Ала Дзенісовіч і дзяўчынак выхоўвае ў сваім духу, напамінае ім, што ў вялікіх гарадах заняткі ў харэаграфічнай студыі каштуюць немалых грошай. Дарэчы, не толькі на вучобу, а і на касцюмы, шматлікія паездкі на выступленні.
…Кожны раз, збіраючыся на выступленне ў раённы цэнтр, дзяўчаты ідуць на рэйсавы аўтобус на 6.30, каб прыехаць у Столін. Ім даводзіцца не адну гадзіну чакаць, пакуль пачнецца мерапрыемства. І толькі вечарам вяртаюцца дадому. Ды гэтыя нязручнасці адыходзяць на другі план, калі дзяўчаты чуюць цёплыя водгукі гледачоў, іх шчырыя воплескі, а сэрца поўніцца радасцю і душэўным задавальненнем.
Галіна ГАШЧУК.
НА ЗДЫМКАХ: “Пралеска” -- танцавальны гурт Альманскага сельскага Дома культуры.
Фота аўтара.
←Маё дарагое, азёрнае Іўе — такі на планеце куточак адзін

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика