Грузінскія паэты на беларускай імпрэзе
У Мінску прайшла прэзентацыя 8-га нумара часопіса «Паміж», прысвечанага дзіцячай тэматыцы. Прэзентацыю сумясцілі з уручэннем сертыфікатаў сёлетнім выпускнікам Беларускага Калегіюма.
Вечарыну стылізавалі пад школьны ўрок. З настаўніцай, вучнямі. Адкрываў урок «дырэктар» Алесь Анціпенка. Затым слова меў «завуч» Валянцін Акудовіч.
«Мы рыхтавалі вас, каб нас было больш»,
— сказаў мысляр. Ён не стаў развітвацца ў выпускнікамі, бо ўпэўнены, што ўсе яны застануцца ў прасторы беларускай культуры. І працаваць ім яшчэ давядзецца разам.
Пасля да дошкі выходзілі аўтары «Паміж». Для кагосьці гэта была магчымасць адчуць сябе сапраўдным пісьменнікам, прачытаўшы перад удзяным слухачом верш ці апавяданне. А для некага — у чарговы раз нагадаць пра сябе.
Сюрпрызам стала прысутнасць на прэзентацыі грузінскіх паэтаў Георгія Нахуцрышвілі і Амірана Свіманішвілі. Дзеля таго, каб даць слова замежным калегам, Андрэй Хадановіч і Віталь Рыжкоў скарацілі свае выступы да чытання кожным па адным вершы. А пасля яны ўжо перакладалі паэзію грузінаў.
Часопіс «Паміж» з’яўляецца праектам выпускнікоў аддзялення «Філасофіі і літаратуры» Беларускага Калегіюма.