N.R.M. выступіць першы раз за год
17 снежня ў КЗ «Мінск» N.R.M. зайграе вялікі калядны акустычны канцэрт. Гэта будзе першы выступ гурта ў Мінску за апошнія 12 месяцаў. Гледачоў чакае адмысловая праграма, якая будзе складацца з хітоў N.R.M., матэрыялу супольных праектаў, калядных песень і сюрпрызаў.
Апошні год музыкі гурта былі ў стане творчых вакацый. Яны займаліся персанальнымі справамі і збіраліся толькі некалькі разоў, каб адыграць на фэстах за межамі Беларусі. Гэты канцэрт — выдатная нагода, каб пасля перапынку пабачыць Лявона Вольскага, Піта Паўлава, Юрася Ляўкова і Алезіса Дземідовіча разам. Тым больш, што якраз на гэтыя дні прыпадае 15-годдзе гурта. Святкаваць яго музыкі вырашылі неафіцыйна і ў акустыцы.
«Мне асабіста акустычныя канцэрты падабаюцца больш цёплымі адносінамі з гледачамі, хатняй атмасферай і магчымасцю суцэльнай імправізацыі, — прызнаецца Лявон Вольскі. — Мы граем песні і нешта распавядаем, адказваем на пытанні і жартуем. Часам выконваем нават нейкія абсурдныя творы, якія за межамі акустыкі наогул не існуюць».
17 снежня ў КЗ «Мінск» гурт N.R.M. з праграмай «Вялікі акустычны калядны канцэрт». Пачатак — 19.00. Квіткі ад 20 да 45 тыс. Даведка і замова квіткоў: Velcom 655 55 96, МТС 655 55 96, гарадскі 280 15 10, а таксама праз сайт www.soundline.by. Уладальнікі першых 100 квіткоў, замоўленых праз сайт, атрымліваюць у падарунак рарытэтны CD.