Дзень паэзіі, прысвечаны 1000-годдзю Літвы, адбыўся ў Мінску
Паводле яго інфармацыі, наступныя творчыя акцыі фестывалю — канцэрт аўтарскай песні (8 лістапада) і літаратурна-мастацкі вечар "Літоўская Радзівіліяда" (11 лістапада) — таксама адбудуцца ў Палацы мастацтва ў 18.00.
Перакладчыца і паэтка Ганна Серыхан распавяла пра польскамоўнага паэта-літвіна Антона Гарэцкага, творчасць якога ў эпоху рамантызму была вельмі папулярнай, за што паэта і выслалі ў эміграцыю.
Паводле яе слоў, у часы пераследавання філаматаў Гарэцкі пазнаёміў Адама Міцкевіча са сваёй байкай "Чорт і збожжа", якую Міцкевіч у сваім пераказе апублікаваў у трэцяй частцы паэмы "Дзяды" падчас знаходжання ў эміграцыі ў Дрэздэне. Серыхан прачытала беларускамоўны пераклад гэтага твора Гарэцкага з паэмы, якая адлюстроўвае падзеі паўстання 1830—1831 гадоў на землях тагачаснай Літвы-Беларусі.
Паэт Сяргей Панізнік расказаў пра ўраджэнца Беларусі, удзельніка паўстанняў 1830—1831 і 1863—1864 гадоў скульптара Генрыка Дмахоўскага, які "сваёй творчасцю і жыццём паяднаў Беларусь з Літвой, Польшчай, Расіяй, Украінай, Венгрыяй, Аўстрыяй, Францыяй, Англіяй і Амерыкай". Як лічыць паэт, постаць гэтага творцы заслугоўвае належнага ўвасаблення ў творах літаратуры і мастацтва.
Панізнік паведаміў, што ў сталічным выдавецтве "Кнігазбор" з прадмовай Васіля Быкава рыхтуецца кніга "1000 гадоў добрага суседства", прысвечаная дружбе беларусаў і літоўцаў. Кніга ствараецца Міжнароднай асацыяцыяй беларусістаў пры падтрымцы пасольства Літвы ў Беларусі.
Сярод беларускіх паэтаў, якія прысвяцілі свае творы летапіснай Літве, паэт Генадзь Тумаш назваў Алеся Разанава, Кастуся Цвірку, Ірыну Багдановіч, Людмілу Урублеўскую, Міхася Скоблу, Рыгора Барадуліна і Зянона Пазняка.
Падчас творчай акцыі гучала паэзія Адама Міцкевіча, Максіма Багдановіча, Сяргея Панізніка, Алеся Шатэрніка і Генадзя Тумаша.