Лукашэнка натхняе на падтрымку мовы
Як людзі падпісваюцца за Год роднай мовы ў сталіцы і ў рэгіёнах.
Воляй лёсу давялося назіраць за зборам подпісаў за правядзенне Году роднай мовы, арганізаванага МГА «ЗБС «Бацькаўшчына». Справа адбывалася ў Белаазёрску, што ў Бярозаўскім раёне. Подпісы збіраліся сярод мясцовых прадпрымальнікаў. Большасць паставілася да ідэі сур’ёзна і пазітыўна. «Самі мы не размаўляем, а вось дзеці мусяць ведаць сваю мову. Можа ў іх атрымаецца», — кажа маладая прадпрымальніца. Думку пра неабходнасць навучання па-беларуску не толькі ў школе, але і ў ВНУ падтрымалі амаль усе падпісанты. Толькі адна гандлярка наадрэз адмовілася паставіць подпіс: «Гэта што — я буду пасля дакументы па-беларуску афармляць? А як дзеці будуць пасля матэматыку будуць вучыць ва ўніверсітэце?»
З размовы з некаторымі падпісантамі стала зразумела, што на іх стаўленне да мовы паўплываў…Лукашэнка. Ну, калі сам Аляксандр Рыгоравіч на перапісе роднай мовай беларускую назваў, то нам і пагатоў трэба падпісацца, кажуць яны.
А вось у Мінску давялося сутыкнуцца з нечаканасцю. Для некаторых мінчукоў прозвішча кіраўніка краіны стала непераадольнай перашкодай. «Ідэя добра, але не буду я Лукашэнку ні аб чым прасіць!» Частку знаёмых нават давялося пераконваць. Гэта прывяло да цікавай высновы: часам незаангажаваныя ў палітыку грамадзяне, якія ў жыцці не размаўляюць па-беларуску, ахвотней падпісваюцца за Год роднай мовы, чым яе сталыя носьбіты.
А вось што распавяла пра хаду кампаніі старшыня ЗБС «Бацькаўшчына» Алена Макоўская. Збор подпісаў адбываецца на сядзібе ТБМ, офісе «Бацькаўшчыны», у часе культурніцкіх мерапрыемстваў. Адпаведныя анкеты раздаюцца ў незалежніцкія арганізацыі і валанцёрам. Акрамя таго, анкету можна спампаваць са старонкі сайту «Бацькаўшчыны», з іншых сайтаў, што размясцілі ў сябе банеры акцыі. Агулам праз Сеціва было спампавана каля 400 бланкаў. «У банэрнай кампаніі, дзе мы замовілі свой банэр з заклікам далучацца да кампаніі, нам паведамілі, што ў нас быў адзін з самых высокіх паказчыкаў эфектыўнасці за апошні час», — кажа Алена Макоўская. Цікавасць да кампаніі вялікая, людзі ставяцца да ідэі пазітыўна. Ініцыятыву падтрымалі рэгіёны, напрыклад, у Віцебску, дзе збор подпісаў ідзе аўтаномна ад цэнтру.
***
Згуртаванне беларусаў свету «Бацькаўшчына» і Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны распачалі з 14 кастрычніка 2009 года кампанію па зборы подпісаў за абвяшчэнне наступнага года Годам роднай мовы. Гэтая ініцыятыва была агучана на нядаўнім Пятым з’ездзе беларусаў свету і падтрымана Радай Таварыства беларускай мовы. І «Бацькаўшчына», і ТБМ ужо накіравалі звароты да Аляксандра Лукашэнкі з тым, каб адпаведны ўказ быў выдадзены. А цяпер заклікаюць грамадзян Беларусі падтрымаць гэтую ініцыятыву.