Радзівілы i спадчынa

Источник материала:  
Радзівілы i спадчынaДва арыгінальныя партрэты прадстаўнікоў роду Радзівілаў і сем копій карцін перадаў Нясвіжскаму музею-запаведніку князь Мацей Радзівіл.

Урачыстая цырымонія перадачы адбылася на міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі “Нясвіжскі палац Радзівілаў: гісторыя, новыя даследаванні. Вопыт стварэння палацавых музейных экспазіцый“.

У экспазіцыю Нясвіжскага замка цяпер уключаны графічныя арыгінальныя партрэты Мікалая Кшыштафа Радзівіла Сіроткі (1601) і Януша Радзівіла (каля 1640). Акрамя таго, польскія госці князі Мацей і Мікалай Радзівілы перадалі шэсць лічбавых копій партрэтаў прадстаўнікоў роду Радзівілаў, у ліку якіх партрэты Караля Станіслава (Пане Каханку), Барбары Радзівіл, Анны Мыцельскай, а таксама копія іконы, якая знаходзілася ў нясвіжскай капліцы.

Як расказаў Мацей Радзівіл, ён ужо зрабіў заказ на жывапісную копію іконы Божай Маці з палацавай капліцы ў Нясвіжы. Таксама ў будучыні князь плануе перадаць у Нясвіж 40 копій партрэтаў, якія ў свой час знаходзіліся ў рэзідэнцыі.

Музейную экспазіцыю Нясвіжскага замка плануецца збіраць сумеснымі намаганнямі. Пра гэта паведаміў на канферэнцыі міністр культуры Беларусі Павел Латушка. Асабліва актыўна ў вырашэнні праблемы напаўнення музейнай экспазіцыі Нясвіжа беларускі бок супрацоўнічае з Польшчай. У прыватнасці, прадстаўнікі роду Радзівілаў перадалі 162 копіі гравюр у Нясвіжскі музей, цяпер калекцыя замка папоўнілася двума арыгіналамі і сямю копіямі карцін, якія раней знаходзіліся ў рэзідэнцыі.

На думку міністра культуры Беларусі, неабходна максімальна выкарыстоўваць усе магчымасці для напаўнення музейнай экспазіцыі. Адным з варыянтаў з’яўляецца набыццё прадметаў на аўкцыёнах, аднак гэта працаёмкі, адказны і дарагі спосаб. Значна танней выраб аналагаў прадметаў. Самы складаны варыянт — вяртанне прадметаў, якія апынуліся за межамі краіны. Паводле заканадаўстваў дзяржаў, вяртанне гісторыка-культурных каштоўнасцяў на гістарычную радзіму немагчыма, а таму сёння супрацоўніцтва можа выглядаць такім чынам — перадача на дэпазіт або выраб копій. Дэпазіт — гэта таксама ў пэўным сэнсе вяртанне на радзіму гісторыка-культурных каштоўнасцяў. Павел Латушка нагадаў аб рэалізацыі праекту віртуальнай рэканструкцыі бібліятэкі ардынацыі Радзівілаў у рамках рэгіянальнага праекта “Дакументальная спадчына Рэчы Паспалітай” пад эгідай ЮНЕСКА.

На здымку: Князь Мацей цесна супрацоўнічае з музеем у родавай рэзідэнцыі Радзівілаў.

Жанна Катлярова

←Ад Коласа спакон вякоў…

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика