«Панарама»: вялiкiя гастролi сусветных тэатраў
У міжнародную праграму IV фестываля тэатральнага мастацтва «Панарама» ўвайшлі спектаклі з васьмі краін свету. Сама па сабе праграма ўжо дазваляе рабіць пэўныя высновы. Найбольш шырока была прадстаўлена тэатральная карта Расіі: у Мінск былі запрошаны спектаклі-лаўрэаты дзвюх вядомых расійскіх тэатральных прэмій — «Залатая маска» і «Залаты сафіт». Традыцыйна быў прадстаўлены балтыйскі тэатр — у рамках фестываля паказалі ўжо трэці спектакль вядомага рэжысёра Оскараса Каршуноваса, другі раз у Мінск прыехаў Талінскі рускі тэатр, упершыню беларускі глядач пазнаёміўся з творчасцю зоркі еўрапейскай рэжысуры Алвіса Херманіса. Таксама ўпершыню ў беларускую сталіцу прыехалі спектаклі легендарных рэжысёраў Пітэра Брука і Джорджа Стрэлера. Выступіў у рамках фестываля калектыў з Венесуэлы Gota Dulce Teatro, які прыехаў з поўнафарматнымі гастролямі.
Cцэна са спектаклю «Соня» Новага рыжскага тэатра |
Далёка не ўсе спектаклі атрымалі аднолькавы рэзананс сярод публікі. Многа вольных месцаў было на спектаклі «Чаму, чаму», пастаўленым знакамітым Пітэрам Брукам з актрысай Мірыям Гольдшміт. Пасля спектаклю многія дзівіліся гэтай пастаноўцы, яе форме, зместу — інструмент «ханг», які гучаў падчас дзеі, выклікаў значна больш зацікаўленасці.
Між тым, у спектаклі прагучалі цікавыя разважанні пра прыроду тэатра, матывацыю акцёра і рэжысёра займацца тэатральнай творчасцю. Спектакль-роздум, спектакль-эсэ не меў на мэце нечым здзівіць ці ўзрушыць гледача, гэта было запрашэнне да сумесных разваг, якое, на жаль, засталося амаль не пачутым.
Шмат хто сышоў пасля першага акту спектаклю «Навальніца» паводле хрэстаматыйнай п'есы Астроўскага. З артыстамі Магнітагорскага тэатра імя Пушкіна працаваў вядомы піцерскі рэжысёр Леў Эрэнбург. Ён адышоў ад класічнага супрацьпастаўлення «цёмнага царства» «промню святла», адразу пагрузіўшы гледача ў падрабязны натуралістычны побыт. Спектакль пачынаўся са сцэны ў лазні: мокрыя аголеныя артысты, прыліплая лістота да цела і разам з тым нейкі выкрышталізаваны эмацыйны фон, у якім жывуць персанажы — наіўнае неразуменне адно аднога, памкненне да чысціні і высокіх пачуццяў, але пастаяннае сутыкненне з брудам побыту...
Шмат хто наракаў на спектакль Каршуноваса «Сон у летнюю ноч». Нібыта за практыкаваннямі з дошкамі ў артыстаў літоўскай трупы знік сам Шэкспір, ідэі яго п'есы. Разам з тым на прыкладзе спектакля, якому ўжо 10 год, гледачы маглі пабачыць, з чаго выраслі пазнейшыя яго работы «Рамэа і Джульета», «Майстар і Маргарыта», якія ў свой час так спадабаліся мінскай публіцы.
Найбольшы рэзананс выклікалі спектаклі «Соня» Новага рыжскага тэатра і «Слуга двух гаспадароў» Пікала тэатра ды Мілано. Вядомы латышскі рэжысёр Алвіс Херманіс, які аднолькава прызнаны як на Захадзе, так і ў Расіі, інсцэніраваў невялічкае апавяданне Таццяны Талстой. Ад пачатку была зададзена форма: злодзеі пранікаюць у кватэру і раптам пачынаюць разыгрываць гісторыю быццам пра гаспадыню гэтай кватэры. Віртуознае і натуралістычнае існаванне Гундарса Абаліньша ў вобразе Соні-дуры выклікае бурную рэакцыю залы і задае танальнасць спектакля — халодную, адасобленую. Спектакль мае вельмі ціхі канчатак, у якім без педалявання паказваецца сапраўдная цеплыня і вышыня чалавечых пачуццяў. Злодзеі пакуюць каштоўнасці і знікаюць.
Класічны спектакль Джорджа Стрэлера, пастаўлены ў далёкім 1947 годзе, аб'ехаў увесь свет. Знакаміты Феручча Салеры паразмаўляў з беларускімі артыстамі, а потым на сцэне віртуозна для сваіх 78 год праскакаў у самай завадной і жыццесцвярджальнай ролі сусветнага тэатральнага рэпертуару. Зрэшты, ў спектаклі італьянцаў не было другасных выкананняў. Персанажы Панталонэ і Ламбардзі выяўлялі адносіны на сцэне, а іх выканаўцы Джорджа Бонджаванні і Тамазі Мінніці, сышоўшы з пляцоўкі, спрачаліся, што такое «сучаснае» выкананне, спаборнічалі ў патэтычных зваротах да сваіх «дзяцей». Артысты цудоўна валодаюць пластыкай, голасам — дзея раптам перарывалася рамансам ці масавымі скокамі. Нібы акцёры хочуць сцвердзіць: камедыя дэль'Артэ — не проста тэатральная імпрэза, а прагна і сакавіта пражываць кожную хвіліну — стыль жыцця. Невыпадкова ў спектаклі захоўваецца даўняя традыцыя, калі выканаўца грае адну і тую ж ролю на працягу ўсяго жыцця.
Апроч прывезеных спектакляў адбылася лекцыя пра нямецкі тэатр, у рамках якой паказалі ўрыўкі спектакля «Разбойнікі» паводле Шылера ў пастаноўцы Нікаласа Штэмана. Дакладчык Марыён Сімс імкнулася распавесці аўдыторыі пра тыя новыя формы, што захапілі нямецкую сцэну.
Такім чынам, фестываль «Панарама» сапраўды стаў панарамай тэатральных стыляў. Тым, хто цікавіцца, былі дадзены магчымасці атрымаць каштоўны эстэтычны досвед. Аднак фестываль — гэта не толькі прывезеныя спектаклі, гэта пэўным чынам арганізаваная, утвораная культурная прастора, якая дазваляе развіваць свядомасць ўдзельнікаў. Параўнальна з тым, як гэта адбываецца нават на іншых беларускіх фестывалях, «Панарама» прайшла без вялікага ажыятажу, амаль незаўважна, не закрануўшы шырокіх мас гледачоў. Безумоўна, і падбор удзельнікаў, і затрачаныя арганізатарамі і спонсарамі (галоўным партнёрам фестываля ў чарговы раз стаў «Белгазпрамбанк», які імкнецца стаць прыкладам для айчынных бізнэс-структур, як трэба дзейнічаць у сферы культуры) сродкі былі варты значна большага. Па сутнасці, у Мінску адбыліся вялізныя гастролі сусветных тэатраў. Нам застаецца чакаць наступных.