Пахадзіць па Месяцы

Источник материала:  
03.11.2009 14:39 — Новости Культуры

Пахадзіць па Месяцы

«Вось яно!», (This Is It, рас. -«Вот и всё», ЗША, 2009, дакументальны, 90 хв., рэж. - Кені Артэга)

Вас не пусцяць за кулісы яго канцэрту, вам не дадуць пры дапамозе буйных планаў абгледзець зморшчыны і сляды ад новых пластычных аперацый на яго твары, з вамі не падзеляцца пра расклад яго апошняга дня; ён жа не раскрые, чым пераймаўся тымі днямі.

Новы дакументальны фільм «Вось яно!», які асвятляе апошнія рэпетыцыі Майкла Джэксана перад неадбытымі канцэртамі ў Лондане, не дадасць новых фактаў пра жыццё і смерць караля попу...

Але ж чаму пятнічным вечарам кіназала мінскага кінатэатра «Масква» набіткаваная публікай, якая, падпяваючы і падпляскваючы ў рытм, імпэтна рэагуе на любую, нават самую дробную, мізансцэну з дакументальніка, нібы там не паўтарагадзіннае сола на нагах, а паўнакроўны блокбастэр?

Адразу пасля раптоўнай і трагічнай смерці Майкла Джэксана ў свеце пачалі пашырацца плёткі і паведамленні ў СМІ, што ў апошнія дні ён ужо быў ня здатным ні на што артыстам, казалі, што ён настолькі хворы і занураны ў свае снатворныя таблеткі, што не мае крыхотнага шанцу вытрымаць усе 50 запланаваных лонданскіх выступаў…

Але цяпер, разам з выпушчаным адначасова на 18 тысячы экранах фільмам «Вось яно!», карціна атрымліваецца абсалютна іншая. Гэтая складзеная са здымачных эпізодаў падчас рэпетыцый перад вялізным турнэ, дакументальная стужка, — кранальнае сведчанне незгасання таленту. Таблеткі нішто, адоранасць усё.

У фільме Джэксан не толькі дэманструе гатоўнасць для 50 выступаў запар, ён яшчэ кіруе вялікай камандай таноўшчыкаў-віртуозаў, яскравых музыкаў, асвятляльнікаў і гукарэжысёраў, не забываючы сам даць самага глыбокага нырца ў нутро музыкі і да самазабыцця аддацца рухам цела. 50-гадовы, лічаныя імгненні да смерці, Майкл Джэксан з задавальненем паказвае, на што здольны выдатнік індустрыі забаваў і ўлюбёнец Усявышняга. Джэксан настолькі пагружаны ў прадстаўленне, што здаецца яму прасцей хадзіць па сцэне месяцовай хадой, чым звычайнай — па вуліцы.

Гэта не запіс канцэрту і не звычайны дакументальны фільм. У дадатак варта засумнявацца, што падобная стужка знятая «адно для прыватнага архіву».

Перфекцыяніст Джэксан, які цудоўна ўсведамляў, што ён — гэта ягоная публіка, пэўна, зусім не хацеў, каб мы ўзялі з паліцы сутарэння бляклае сямейнае відэа. «Вось яно!» — гэта выдатна абсталяванае дакументальнымі дэкарацыямі зорнае вяртанне, хіба так склалася, што Джэксан зрэжысаваў уласную смерць. Прафесійна, з салютам.

У стужцы «Вось яно!» нічога новага — адно старыя добрыя чары мастацтва і майстэрства. Хаджэнні чалавека па Месяцы працягваюцца.

←Анатоль Сыс. Я яшчэ не попел

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика