Другі раз не ўцячэ
Адзін з французкіх адвакатаў слыннага кінарэжысёра Рамана Паланскага паведаміў, што ўчора падаў просьбу аб вызваленні 76-гадовага кінарэжысёра пад заклад. Афіцыйная просьба ўключае таксама паручальніцтва, што Паланскі не будзе ўхіляцца ад суда.
Аўтар стужак «Дзіця Размары» і «Піяніст» быў затрыманы швейцарскай паліцыяй пры канцы верасня, калі прыехаў атрымаць рэжысёрскі прыз на цюрыхскім кінафэсце. Нагадаем, у 1977 годзе Рамана Паланскага абвінавацілі за згвалтаванне 13 гадовай дзяўчыны ў доме, які належаў Джэку Нікалсану. Паланскі часткова прызнаў віну, але неўзабаве ўцёк з ЗША ў Брытанію, а потым, каб пазбегнуць высылкі, у Францыю.
На мінулым тыдні суд у Швейцарыі ўжо адхіліў просьбу аб вызваленні Паланскага, аргументуючы гэта тым, што ён можа ўцячы. Цяпер Паланскі ў ўвейцарскай турме чакае пастановы аб выдачы яго амерыканскай паліцыі.