Анатоль Сыс. Прачытаўшы верш Пімена Панчанкі «Развітанне»
31.10.2009 09:32
—
Новости Культуры
- Родны мой Пімен Панчанка,
Вы сказалі: настала змярканне?
Вы сказалі на маці мачыха?
Бо настала Вам развітанне?
- З яе словам — ужо не родным,
з яе сонцам — ужо халодным,
з яе людам — спрадвек галодным,
нават Богу й таму няўгодным…
- Адыходзіце ці зракаецеся?
Ці сухімі слязамі каецеся?
Пад крыжамі Сафіі Полацкай
бюракрат за Вас не памоліцца,
- а памоліцца за Вас мачыха,
за сыночка свайго, за Панчанку,
і ў галовах запаліць свечачку.
Можа, ўзімачку, а можа, ўлецечку
- скрозь расстанне і скрозь змярканне
на агеньчык паэт прыстане,
скажа: родны мой Пімен Панчанка,
я Вам верыў, ды вера страчана.
- I ў галовах патушыць свечачку,
можа, ўзімачку, а можа, ўлецечку
пад крыжамі Сафіі Полацкай
ён за Белую Русь памоліцца,
- за наступнікаў і за прадзедаў,
ён памоліцца так, як дадзена,
як вучылі Купала з Коласам —
крэўным словам, родным голасам.
- Вы жывымі слязамі заплачаце,
за паэтам народ убачыце
скрозь расстанне і скрозь змярканне,
Вам за смерць сваю прыкра стане,
- бо пад небам Сафіі Полацкай
на народных паэтаў моляцца.