31 кастрычніка Дзень Рэфармацыi
28.10.2009 12:45
—
Новости Культуры
31 кастрычніка 1517 г. Марцін Лютар заявіў пра неабходнасьць прывесьці жыцьцё кожнага чалавека і грамадзтва ў цэлым у адпаведнасьць са Словам Божым. Пропаведзь Лютара стала пачаткам руху Рэфармацыі, які ахапіў усю Эўропу, у тым ліку і Беларусь.
31 кастрычніка ўвайшоў у гісторыю як Дзень Рэфармацыі.
Эпоху Рэфармацыі называюць Залатым Векам, лепшым пэрыядам у гісторыі Беларусі. Наш народ зьвярнуўся да Бібліі, да жывой веры ў Ісуса Хрыста, і гэта прынесла дабраславеньне краіне.
Рэфармацыя - гэта ня толькі гісторыя. Сёньня беларускі народ , як і ў XVI стагодзьдзі, патрабуе аднаўленьня першапачатковага, Божага вобразу, каб біблійныя стандарты дзейнічалі ва ўсіх сфэрах жыцьця.
У гэтым годзе спаўняецца 500 год ад нараджэньня Жана Кальвіна - чалавека, які разам з Марцінам Лютарам зьдзейсьніў вялікае дзела Рэфармацыі ў XVI стагодзьдзі.
"Пасьля Францыі ніводная з краінаў не прыцягвала большай увагі Кальвіна чым Польскае каралеўства [Польшча і Вялікае Княства Літоўскае]," - пісаў адзін з дасьледчыкаў ХІХ ст. Жан Кальвін прысьвяціў Жыгімонту Аўгусту выданьне Лісту да Гебраяў, а Мікалаю Радзівілу Чорнаму, - Дзеі Апостальскія.
У 1557 годзе ў звароце да шляхты дзяржавы Ягайлавічаў, якія вызнаюць чыстае эвангельскае вучэньне, Кальвін заклікаў аб'яднацца прадстаўнікам розных дэнамінацыяў, бо нягледзячы на адрозьненьні, іх веравучэньні маюць унутранае адзінства: "Вы ж самі ведаеце, што трываласьць царквы заключаецца ня толькі ў адзінстве веравызнаньня, але і ў братэрскай згодзе, асабліва ў часы, калі вораг усімі сіламі прагне зьнішчыць царкву".
Запрашаем Вас на сьвяточнае служэньне, прысьвечанае Дню Рэфармацыі, якое адбудзецца 31 кастрычніка а 18.00 у царкве "Благадаць" (Мінск, вул. Гурскага, 48).