Серэнада сонечнай даліны ў Палацы Рэспублікі
Глен Мілер у войску |
Кампазітар Глен Мілер амаль не паспеў спажыць плён са свайго ашаламляльнага поспеху — ён таямніча знік у 1944 годзе перад сваімі парыжскімі гастролямі, а яго сусветнае прызнанне, першая слава прыйшлі да яго ў апошнія тры гады жыцця.
Адметная мяккасць і бясконцая меладычнасць аранжыровак біг-бэнду Глена Мілера прыдбала шмат прыхільнікаў у свеце, а таксама ў СССР, куды трафейныя копіі свінгавага мюзікла «Серэнада сонечнай даліны» трапілі толькі пасля вайны.
«Сентыментальнае падарожжа», «Цягнік з Чатанугі» — гэтыя мелодыі зачароўвалі пакаленні моладзі ажно да самага з"яўлення ліверпульскай чацвёрткі.
У канцы 30-х у Штатах прыйшла эра біг-бэндаў: наведнікам танц-холаў патрэбная была новая музыка: гарэзлівая, жыццядайная і завадная. І вядома гучная! Яшчэ нядаўна музыкі сціпленька выцылінгвалі на рэстаранных сцэнах па аднаму-два, а цяпер вялікія аркестры пачалі расці як пасля дажджу. «Белы акулярык» Мілер не быў першым з тытанаў эпохі біг-бэндаў: ён быў найлепшы. Ён той хто, асядлаў хвалю. Да ўласнага біг-бэнду Глен Мілер быў кіраўніком нямалай колькасці аркестраў, але заўсёды выпрацоўваў свой стыль: яго адметны саўнд захоўваў дакрызісную рамантыку і свінг яго быў мягчэйшым, рамантычнейшым. «Месяцовае святло над Гангам» і «Блюзавая серэнада» — звярніце ўвагу: у яго першых песнях ужо былі ключавыя для яго поспеху словаў.
Плакат на стужку «Серэнада сонечнай даліны» |
Вялікая Дэпрэсія надоўга прыспала развіццё музыкі ў Штатах, а як толькі яе пялёнка спала, дык пачалася Другая сусветная вайна. У ваенным 1941-м аркестр Глена Мілера выпускае свой фільм, мюзікл, які зрабіўся вяхой у музычным кінематографе, «Серэнада сонечнай даліны». Праставатая рамантычная камедыя пра курортныя прыгоды музыкі і бежанкі з палаючай Еўропы заваражыла публіку па два бакі Атлантыкі. У гэты ж год Мілер паступіў на вайсковую службу, дзе пачаў пераконваць кіраўніцва вайскова-паветраных сілаў мадернізаваць аркестр ВПС ЗША, каб ён змог мабільна, з выездамі на перадавую, падымаць баявы дух жаўнераў і афіцэраў. Ужо ў 1943 годзе Глен Мілер і яго аркестр аб"ехаў з гастролямі ці не ўсе брытанскія і амерыканскія вайсковыя базы. Менш чым за год ён даў 800 (!) канцэртаў, больш за палову якіх транслявалася па радыё.
Да перамогі СССР у Сталінградскай бітве аркестр запісаў джаз-апрацоўкі рускіх народных песняў.
У 1944 годзе ў вызваленым Парыжы мусілі адбыцца гастролі мілераўскага біг-бэнду. Строгі лідэр і разважлівы бізнэсовец Мілер надумаў прыбыць у Парыж першым, каб падрыхтаваць прыезд усяго аркестру. 15 снежня 1944 году ён падняўся на борт транспартнага самалёту. Самалёт знік назаўжды, таямніча і бясследна. Дырыжор, кампазітар, капітан вайскова-паветраных сіл Глен Мілер прапаў разам з ім. Кажуць, што спажыць плён свайго поспеху Мілер так і не паспеў, аднак паспелі шанавальнікі яго таленту, бо, застаўся аркестр, засталіся мелодыі. І вядома, «Серэнада сонечнай даліны».
Такім чынам, 28 кастрычніка, Палац Рэспублікі. Аркестр Глена Мілера. Пачатак а 7 вечара. Кошт квіткоў: ад 70 да 170 тысячаў рублёў.