«Прыёрбанк» падтрымлівае «Старога Ольсу»
3 кастрычніка гурт «Стары Ольса» адсвяткаваў сваё дзесяцігоддзе ў Гальшанах — старажытным мястэчку на Ашмяншчыне.
За правядзенне гэтага фестывалю гурт шчыра дзякуе сваім спонсарам. Найбольш «Стары Ольса» ўдзячны «Прыёрбанку» — за двухгадовую супрацу.
У мінулым годзе на свой 20‑гадовы юбілей кіраўніцтва «Прыёрбанка» ўзнагародзіла гурт за ўнёсак у нацыянальную культуру. «Прыёрбанк» стаяў і на пачатку рэалізацыі ідэі «Гальшанскага фэсту».
«Старога Ольсу» любяць не толькі банкіры. Спонсарам фестывалю выступіла таксама турагенцтва «Гісторыя‑Тур». Яно валодае шляхецкім палацам Карчэўскіх, фальваркам Бянюны ў Ашмянскім раёне. Тым самым, дзе месцяцца Гальшаны.
Зміцер Сасноўскі дзякуе таксама сям’і Дайнэкаў, гаспадарам завода «Белпі», які выпускае па старажытных рэцэптах «Крамбамбулю». І рэстарацыі «Камяніца», дзе падаюць беларускія нацыянальныя стравы.
Варта адзначыць, што музычны фэст не адбыўся б і без спрыяння Ашмянскага райвыканкама і старшыні Гальшанскага сельсавета сп.Войцеха.
НШ