Браслаўскія курганы раскрываюць таямніцы

Источник материала:  
27.10.2009 01:01 — Новости Культуры

Беларускія вучоныя знайшлі могільнік, дзе некалі пахавалі дружыннікаў Полацкага княства

Ля вёскі Пагошча Браслаўскага раёна археалагічная экспедыцыя Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь праводзіла даследаванні з 2005 па 2009 гады. І недарэмна: атрыманы цікавыя звесткі, што дапамагаюць прыадчыніць яшчэ адну старонку гісторыі беларускага сярэднявечча.
Як паведаміў “БН” Мікалай Плавінскі, кіраўнік экспедыцыі, курганны могільнік каля Пагошчы -- першы цалкам раскапаны і даследаваны ў беларускім Падзвінні. Прычым з 15 раскапаных курганоў адзін датуецца VII стагоддзем нашай эры! Астатнія прыкладна другой паловы Х -- першай ХІ стагоддзяў. Сярод усіх знаходак асабліва вылучаюцца фрагменты драўлянай разной чашы. Яны захаваліся дзякуючы медным рамонтным накладкам. Вучоныя сцвярджаюць: на сёння гэта самая старажытная драўляная пасудзіна, якую ўдалося раскапаць на поўначы сучаснай Беларусі.
Дарэчы, пахаванні на тэрыторыі могільніка -- як мужчынскія, так і жаночыя. У апошніх знайшлося нямала бронзавых упрыгажэнняў -- бранзалетаў, пярсцёнкаў...
Чый жа курганны могільнік ля вёскі Пагошча? На думку Мікалая Плавінскага, аб'ект можна лічыць  могілкамі дружыннікаў Полацкага княства. Па ўсім відаць, яны не толькі баранілі родную зямлю ад ворагаў, але і... збіралі падаткі.
-- Раскопкі ў Пагошчы, канешне, дадаюць важкія штрыхі ў гістарычную карціну сярэднявечнай гісторыі нашай Радзімы, -- падсумоўвае Плавінскі. -- Але няварта забывацца, што яшчэ шмат таямніц схавана ў нераскапаных курганах! Мэтазгодна, лічу, прыкладаць усе намаганні, каб ахоўваць археалагічную спадчыну -- найперш курганы нашых продкаў...
Іна ГАРМЕЛЬ, “БН”.
НА ЗДЫМКАХ: моманты раскопак на Браслаўшчыне.
Фота прадастаўлены Нацыянальным гістарычным музеем Рэспублікі Беларусь.

←“Я очень скучаю по Минску”, - Полина СМОЛОВА. После долгого пребывания в Москве Полина дала в нашей столице первый большой сольный концерт

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика