Сцягі 52 краін уздымуць на кінафестывалі "Лістапад-2009"

Источник материала:  
Сцягі 52 краін уздымуць на кінафестывалі "Лістапад-2009"

Упершыню ў фестывалі ўдзельнічаюць работы кінематаграфістаў з такой вялікай колькасці краін, падкрэсліў Уладзімір Рылатка. Папулярнасць гэтага форуму расце, удзел у ім лічыцца ўсё больш прэстыжным.

У дырэкцыю кінафестывалю "Лістапад-2009" паступіла 270 заявак, упершыню за гісторыю фестывалю ў трох конкурсных праграмах будзе паказана 158 фільмаў з 45 краін свету. Адбудзецца 100 фестывальных мерапрыемстваў, 55 з якіх - у рэгіёнах.

На фестывалі пройдзе конкурс поўнаметражных ігравых фільмаў, конкурс неігравога кіно, конкурс поўнаметражных ігравых фільмаў для дзяцей і юнацтва. Конкурсныя праграмы будуць ацэньваць 4 прафесійныя каманды журы. Міжнароднае журы ігравога кіно ўзначаліць вядомы расійскі рэжысёр Павел Чухрай. Старшынёй журы кінапрэсы будзе галоўны рэдактар часопіса "На экранах" (Беларусь) Людміла Перабудава. "Галоўны суддзя" міжнароднага журы неігравога кіно - рэжысёр Аляксей Паграбной (Расія). Міжнароднае журы дзіцячых і юнацкіх ігравых фільмаў узначаліць мастацкі кіраўнік Луганскага акадэмічнага ўкраінскага музычна-драматычнага тэатра Міхаіл Галубовіч. Рашэнне, хто атрымае галоўны прыз - "Золата "Лістапада", прымуць гледачы. Старшыня журы гледачоў - рэктар Беларускага дзяржаўнага універсітэта культуры і мастацтваў Барыс Святлоў.

Уладзімір Рылатка адзначыў, што ўпершыню на адкрыццё і закрыццё фестывалю будуць прадавацца білеты. Урачыстыя цырымоніі пройдуць у Палацы рэспублікі, а фільм адкрыцця "Цар" Паўла Лунгіна будзе дэманстравацца ў 5 залах кінатэатра "Беларусь". Гэту карціну з удзелам Пятра Мамонава і Алега Янкоўскага таксама атрымаюць магчымасць убачыць гледачы. Кошт білетаў на гала-канцэрты адкрыцця і закрыцця ў Палацы рэспублікі ад Br7 тыс. да Br20 тыс., на кінапаказ фільма "Цар" - Br10 тыс.

Напярэдадні старту XVI "Лістапада" ў кінатэатры "Піянер" 13 лістапада адкрыецца дзіцячы кінафестываль "Лістападзік". У дзіцячым конкурсе ўдзельнічае беларуская карціна "Навагоднія прыгоды ў ліпені" Алены Туравай і Івана Паўлава.

У конкурснай праграме ігравога кіно прымуць удзел дзве работы "Беларусьфільма": "Інсайт" Рэнаты Грыцковай і "Снайпер. Зброя адплаты" Аляксандра Яфрэмава.

Фестываль "Лістапад" пройдзе з 14 па 21 лістапада. Яго нязменны старшыня - народны артыст СССР і Беларусі Расціслаў Янкоўскі. Дырэктарам фестывалю ў гэтым годзе стала Аляксандра Захарэвіч.

←В Минске — концерты знаменитых немцев и день рождения «Будзьма!»

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика