Мне смешна чытаць расійскіх гісторыкаў

Источник материала:  
26.10.2009 14:26 — Новости Культуры

У «НН» №37 быў надрукаваны водгук Уладзіміра Арлова на кнігу М.Галдзянкова «Русь — другая история». Ён называўся «Дапытлівы школьнік Галдзянкоў або Мы, беларусы, — русские люди». Тэкст выклікаў палеміку на сайце nn.by. Мы вырашылі звярнуцца да аўтара кнігі, каб высветліць яго пазіцыю.

«НН»: Чаму ўсё ж такая назва — «Русь — другая история?»

МГ: Русь — гэта не дзяржава. Гэта землі, ахопленыя старажытнарускай культурай: Ноўгародская рэспубліка, Пскоўская рэспубліка, ВКЛ…

ВКЛ, канешне, ніколі не было рускай дзяржавай, але большасць яго насельнікаў былі праваслаўнымі. А праваслаўная царква называлася рускай царквой. Духоўным цэнтрам гэтых людзей быў Кіеў. Скарына называў сябе рускім па веравызнанні. І Біблію выдаў рускую.

Увогуле тэрмін «русіны» быў такім жа зборным, як і тэрмін «літвіны». А вось у Масковіі рускага не было абсалютна нічога. Яны называлі сваю рэлігію грэчаскім праваслаўем. Але калі у Маскву прыехаў Максіміліан Грэк і назваў маскавіцян схізматыкамі, яны яго пасадзілі ў турму.

Да Ламаносава нават сучаснай рускай мовы не існавала. Калі Пётр Першы пачаў галіць бароды і здымаць чалмы, то шмат хто пакрыўдзіўся. Увогуле Пётр Першы пачаў рабіць з Масковіі Русь. Ён на Захадзе рэкамендаваў усім пісаць замест Масковіі — Расія.

Што да беларусаў, як рускага народа, то гэта ж не мая думка. Так Караткевіч лічыў. Словы, што мы больш рускія, чым самі рускія, належаць менавіта Караткевічу. Так яно выходзіла. Гэта потым тэрмін «рускія» скрала ў нас Масква.

«НН»: Адкуль такое негатыўнае стаўленне да Масквы? Мяркуючы па вашай кнізе, гэта пастаянны вораг ВКЛ.

МГ: Негатыву няма. Ёсць апісанне гістарычных падзей. З Масквой ішлі пастаянныя войны, і Масква знішчала беларусаў. Як этнас і як дзяржаву. Кожны другі беларус загінуў у вайне з Аляксеем Міхайлавічам. Якое можа быць станоўчае стаўленне да той ардынскай Масквы… Смаленшчына, Браншчына — гэта ўсё беларускія землі, адабраныя Масковіяй і не вернутыя. Выходзіць, што працэнтаў трыццаць адыйшло ў склад РСФСР, 10 — у Літву, 5 — у Польшчу.

«НН»: Да якой культуры адносіце Вялікае Княства?

МГ: Там славянская культура дамінавала канешне. Я ў сваёй іншай кнізе даю спіс магнатаў, шляхты ВКЛ. Там большасць беларускіх прозвішчаў. Жамойцкіх мала адносна і датычаць яны не Літвы, а толькі Жамойціі. Гэта Жамойція ўвайшла ў Літву і культурна падцягнулася да яе. Да гэтага нават пісьмовасці сваёй не было ў жамойтаў. Пісьмовасць толькі славянская існавала, той жа Статут ВКЛ, напісаны па‑беларуску, г.зн. па‑літвінску. Літвіны — гэта славяне былі плюс заходнія балты яцвягі і дайнава, вельмі адрозныя ад усходніх — жамойтаў, аўкштайтаў і латышоў. Вільня стала належаць балтам толькі ў 1940 годзе.

«НН»: Як успрымаеце крытыку вашай кнігі, вашых поглядаў на гісторыю?

МГ: Мне гэта нагадвае гісторыю з сібірскімі мужыкамі. Якім далі бензапілу. А тыя, пакуль не сапсавалі яе, не маглі прынаровіцца ёй карыстацца. Хацелася паказаць рознасць паходжання культур Масквы і ВКЛ, а не называць ВКЛ часткай Масквы. Мне смешна чытаць расійскіх гісторыкаў, якія пішуць аб Паўночнай вайне, як напасці на Расію. Што, тады Расія была акупаваная шведскімі ордамі? Гэта не Расія была, а Рэч Паспалітая, і не Швецыя напала, а на яе напалі.

Мая кніга па‑расійску была напісана. Яна і ў Маскве прадаецца. Беларускую кнігу, на жаль, прачытаюць 500 чалавек, а рускую, магчыма, 500 тысяч. Вось. У тым яе моц. А беларуская інтэлігенцыя, на жаль, разрозненая. Шукаюць драбніцы, каб паспрачацца. Замест таго, каб кансалідавацца, пачынаюць крыўдзіцца, як школьнікі.

На мой погляд, вельмі добра быць дапытлівым школьнікам. Колькі жывеш, столькі і вучыся. А гісторыю трэба пісаць зыходзячы толькі са сваіх, беларускіх інтарэсаў. Не азіраючыся на суседзяў.

«НН»: Як вы ацэніце стан сучаснай беларускай гістарычнай навукі?

МГ: Акадэмічная навука буксуе, дае збой. Напрыклад, тэрмін «усходнія славяне» увогуле прыдуманы. Хто такія «усходнія славяне»? Хіба толькі адны расейцы. Гэта яны пайшлі на усход і там перамяшаліся з фінамі. Прычым настолькі, што да сёння генетыка расейцаў застаеца фінскай.

А акадэмічная гістарыяграфія Беларусі дзейнічае з улікам аглядкі на Расію. Гісторыкі лічаць, што павінны пісаць так, каб нікога не пакрыўдзіць. Гэта няправільна. У Расіі пішуць крыўдныя рэчы для беларусаў.

Калі яшчэ мы будзем старацца іх не крыўдзіць, то атрымаецца абы‑што, а не гісторыя. Вось тады мы і будзем паслухмянымі школьнікамі. Чаму мы не баімся крыўдзіць немцаў, шведаў? Пра іх мы такое пішам, чаго і не было ніколі. Швецыя нас ратавала ад Масквы некалькі разоў, а аб гэтым ніхто не піша. Быццам і не было такога. Хаця саюз са Швецыяй быў. Шведы ж не навязвалі нам сваёй мовы. Толькі асветнікі прыязджалі. А ў Масковіі ад пачатку была гэтая ардынская ідэя, што ўлада ад Бога і ўсе павінны пакланяцца. Адным словам — тыранія.

«НН»: Як так сталася, што вы абралі гісторыю тэмай для сваіх апошніх кніг?

МГ: Таму што гэта самая белая пляма. Гэта тое, на што трэба кідацца і прыкрываць, як амбразуру. Гэта зараз галоўная задача творчай інтэлігенцыі Беларусі. Уратаваць сваю гісторыю, уратаваць сваю мову. Усім трэба запісвацца ў перапісе, што размаўляеш па‑беларуску. Бо культурны ціск з усходу можа прывесці да знікнення культуры. Можа быць так, як здарылася ў Ірландыі. Дзе паўстала свая развітая культура, аднак на аснове англійскай мовы.

А нашы гісторыкі пішуць так, каб не дай Бог потым газ не адключылі. Крыўдна, што папулярных кніг мала гістарычных. На мяне наракаюць — знайшоўся малады, вучыць нас зараз. А я не вучу. Я не гавару нечага абсалютна новага. Гэта ўсё даўно забытае. Ніхто ж нават не ведае, што такое Літва. Школьнікі, падлеткі. Яны са здзіўленнем усё слухаюць, што я ім расказваю. У школах жа нічога ім не гавораць. Пра ўсё трэба пісаць. Так, як думаеш. Каб усім было зразумела.

«НН»: На водгук Уладзіміра Арлова не пакрыўдзіліся?

МГ: Я ўвогуле люблю крытычныя матэрыялы. Мне іранічнасць яго артыкула спадабалася, хоць ён і выйшаў не зусім па сутнасці. Здаецца, Арлоў не зразумеў, што я не называю рускімі маскавіцян часоў бітвы пад Воршай, бо гэта яшчэ не рускія людзі.

Мне не важна, што нейкія драбніцы былі апісаныя памылкова. Гэта ж не важна, расстралялі манахаў Полацка, альбо пасеклі шаблямі. Я таксама не згодны, што апісаныя мной рэчы як быццам і так вядомыя. Што любы дапытлівы школьнік знойдзе інфармацыю. Не знойдзе. Я сам падручнікі чытаў школьныя. Там напісана ледзьве не тое, што «старажытныя беларусы» (ужо сам тэрмін камічны) мамантаў ганялі з крыкам «За Беларусь».

Водгукі — гэта заўсёды добра. Такі чалавек, як Арлоў, павінен наадварот сказаць, што з’яўленне падобных кніг — рэч неабходная. Я згодны, што мая кніга недасканалая. Яна атрымалася сырой. Але я адчуваў, што нельга сядзець склаўшы рукі і прыдумляць абстрагаваныя вершыкі. Вырасла пакаленне, якое зусім нічога не ведае. Ні пра Літву, ні пра Масковію. Некаторыя думаюць, што гэта літоўцы (тысяч пяць) прыйшлі і захапілі нас (некалькі мільёнаў).

Прабелы ў гісторыі існуюць. Трэба пісаць. Крытыкаваць можна, але не да бясконцасці. А варта кансалідавацца і выдаваць пабольш такіх кніг.

←"Золото Лістапада" будут оспаривать 18 художественных фильмов из 23 стран

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика