Міхалок пераманіў чытачоў Хадановіча

Источник материала:  
24.10.2009 12:54 — Новости Культуры

У Мінску прайшоў міжнародны фестываль «Вялікае Княства Паэзіі». 23 кастрычніка аматары вершаванага слова сабраліся ў Акадэміі мастацтваў, каб паслухаць паэзію на чатырох еўрапейскіх мовах. Беларусы сустракалі гасцей з Літвы, Польшчы і Украіны.

Успрымаць у якасці фестывалю бесперапыннае чытанне вершаў цяжка. Але было б горш, каб тое рабілі толькі чацвёра аўтараў. А так іх сабралася ажно васемнаццаць. Часу, праўда, бракавала. Дзве гадзіны падзялілі на ўсіх. Гэта, канешне, выпрабаванне для паэтаў. Асабліва польскіх і ўкраінскіх. Ехаць столькі гадзін, каб выступіць з парай-тройкай вершаў. Затое атрымалася своеасаблівая хвіліна славы на беларускай сцэне.

Але галоўнае не колькасць, а якасць. Калі ў слухачоў і прысутнічала стомленасць на тварах, то абыякавасці не было. Нават аўтары немаладыя змаглі выклікаць інтарэс да сваёй паэзіі ў моладзі.

Паэты чыталі вершы па чарзе з перакладчыкамі пад музыку ад Сяргея Пукста. Вядоўцамі фестывалю былі Андрэй Хадановіч і Марыйка Мартысевіч. Яны былі і адзінымі, хто прамаўляў са сцэны не толькі вершамі.

Камернасць, у якой праходзіла імпрэза, парушыў Віктар Жыбуль. Сціплы даследчык літаратуры ў паўсядзённым жыцці на сцэне ператвараецца ў выдатнага слэмера.

Выступ Жыбуля задаў тэмп і астатнім паэтам.

Свабодных месцаў у зале Акадэміі мастацтваў хапала. Раней на імпрэзы з удзелам Андрэя Хадановіча залы былі поўнымі. Паэт губляе папулярнасць? Наўрадці. Ці не віной таму стаў «Рок па вакацыях», што праходзіў у той самы вечар у «Рэактары» з удзелам «Ляпіса Трубяцкога». Хадановіча часта можна сустрэць і на мінскіх вуліцах. А вось Міхалка ў Беларусі ўбачыш куды радзей.

Радуе, што ў нашай краіне ёсць маладыя перакладчыкі. Калі раней ніводная прэзентацыя перакладаў не абыходзілася без удзелу Лявона Баршчэўскага, то зараз ён быў простым слухачом у зале. Гэта надае аптымізму, што падобныя фестывалі ў Беларусі будуць праходзіць і надалей. Бо менавіта маладосць з’яўляецца рухавіком усіх пачынанняў.

Удзел у фестывалі «Вялікае Княства Паэзіі» прынялі паэты з Літвы Уладас Бразюнас, Вітас Дэкшніс, Антанас А. Ёнінас, Данатас Пятрошус, Альвідас Шляпікас, з Польшчы — Яцэк Гутараў, Богдан Задура, Лешак Энгелькінг, з Украіны — Дмытро Лазуткін, Мар’яна Саўка, Астап Слівінскі. Белаурскі бок прадстаўлялі Андрэй Хадановіч, Марыйка Мартысевіч, Віктар Жыбуль, Вера Бурлак, Сяргей Прылуцкі, Віталь Рыжкоў, Уладзімір Арлоў.

←Этнический сардинский хор услышат в Минске

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика