«Ваўкі» Колбышава могуць трапіць на Берлінскі фестываль
Новы фільм не пакажуць на «Лістападзе», каб фільм мог трапіць на адзін з самых прэстыжных фестываляў.
На экране — сцюжа і снег. Цёмны, страшны цягнік набліжаецца. Стрэлы і крыкі. Уцёкі палітычнага зэка. Ахоўнікі з аўчаркамі. Зіхоткае святло вогнішча. Людзі ў зледзянелай вёсцы. Паляванне на чалавека. Твары — з сумневамі і пакутай. Выбар. Ахвяра. Ваўчынае выццё.
Аляксандр Колбышаў зняў на «Беларусьфільме» антытаталітарную трагедыю. Фільм пастаўлены паводле аднайменнай аповесці Аляксандра Чакмянёва, напісанай у 1963 г. За яе пісьменніка цягалі ў КГБ.
Крытыкі параўноўваюць «Ваўкоў» з фільмамі «Жыццё цудоўнае» і «Спіс Шындлера».
«Гэтую карціну мы прэзентуем на Берлінскі міжнародны кінафестываль на пачатку наступнага года, — кажа дырэктар «Беларусьфільма» Уладзімір Замяталін. — Згодна з папярэднімі водгукамі кінакрытыкаў, карціне па сілах узяць удзел у фестывалі класу А. У Берлін могуць трапіць толькі стужкі, якія нідзе раней не дэманстраваліся. Таму на сёлетнім «Лістападзе» ў Менску «Ваўкоў» не пабачаць. Мы ўжо рыхтуем патрэбныя дакументы для яго прэзентавання ў Берлін».
А.Колбышава беларускія гледачы ведаюць пераважна як актора. Ён сыграў зухаватага партызана Штыркіна ў «Акупацыі» Кудзіненкі, працаваў у Берасцейскім драматычным тэатры.
Але, акрамя таго, Колбышаў — рэжысёр, вучань Віктара Турава.
«Ваўкі», дзе гэбісты палююць за чалавекам, перагукаюцца з быкаўскай «Аблавай».
Пасля «Узыходжання» Ларысы Шапіцькі «Ваўкі» Колбышава прэтэндуюць на ролю новай сучаснай кінатрагедыі, што працягвае традыцыі Быкава і Шукшына. Зрэшты, з карціны Шапіцькі ў фільм Колбышава перавандраваў і Уладзімір Гасцюхін у сваёй кароннай ролі чалавека з раздушаным сумленнем.
Ваўкі
Беларусьфільм, 2009, каляровы,103 хв.
Рэжысёр: Аляксандр Колбышаў.
Ролі выконваюць: Дзмітры Ульянаў, Уладзімір Гасцюхін, Андрэй Панін, Коля Спірыдонаў, Дыяна Запрудская, Тамара Міронава, Дар’я Мухіна, Аксана Лясная.
Кампазітар: Алег Федасееў.
Жанр: Трагедыя паводле аднайменнай аповесці Аляксандра Чакмянёва.