Не стала патрыярха беларускай журналістыкі
20.10.2009 17:38
—
Новости Культуры
Барыс Васільевіч Стральцоў. Фота "Рэспубліка" |
Пуцявіны жыцця
Барыс Васільевіч Стральцоў нарадзіўся 1 сакавіка 1926 года ў вёсцы Хутар Быхаўскага раёна на Магілёўчыне. Пасля войска — літсупрацоўнік і загадчык аддзелам бабруйскага “Камуніста”. У 1956-м скончыў БДУ. У 1953-69 гадах працаваў у газетах "Чырвоная змена" і "Звязда". З 1969 — загадчык кафедры тэорыі і практыкі савецкай журналістыкі, з 1999 — прафесар кафедры сацыялогіі журалістыкі БДУ.
Яскравы публіцыст і нарысіст. Аўтар шматлікіх манаграфій і падручнікаў па метадалогіі журналістыкі. Выдаў зборнікі апавяданняў "Наследнік" (1963), “Сыходзяцца бальшакі і пасёлкі” (1969), аповесцяў "Вячэрняя планета" (1975), "Метраном памяці" (1985), рамана "Між крутых берагоў" (1980), зборніка абразкоў і апавяданняў "Чарадзейны туман" (2000). Напісаў сцэнары да чатырох дакументальных і пяці мастацка-публіцыстычных фільмаў пра Беларусь.
Заслужаны дзеяч культуры Беларусі, лаўрэат прэміі Міжнароднай канфедэрацыі журналісцкіх саюзаў "За асаблівы ўнёсак у развіццё журналістыкі”.
Казаць Праўду
... Некалькі сціслых абзацаў, за якімі схаванае цэлае жыцьцё. Глыбокае і шматстайнае, карыснае і незабыўнае. Жыццё, якое ён прысвяціў роднай Беларусі і сваім студэнтам.
На журфаку Барыс Старльцоў - чалавек з дзівосна добрымі вачыма - быў для ўсіх найвялікшым аўтарытэтам. Ён прышчапляў нам любоў да матчынай мовы, якая лілася з ягноных вучснаў, нібыта песня. Ён вучыў нас Прафесіі — разумець людзей і казаць праўду. Як рабіў сам.
Ён сціпла распавядаў пра тое, як ў свой час адмовіўся шэльмаваць ў “Чырвонцы” Васіля Быкава, і рэдактар рэспубліканскага выдання змушаны быў перадрукоўваць махровую “аглабельшчыну” з нейкай заштатнай раёнкі. Працуючы ў сістэме, Барыс Васільевіч заставаўся чалавекам шырокіх дэмакратычных поглядаў. На занятках ён запэўніваў нас, што апазіцыя не ворагі, “яны таксама хочуць для краіны дабра, проста думаюць інакш”. І гэта ў той час, калі з тэлеэкранаў яе называлі не інакш, як “адмарозкі”. Тэарэтык журналісцкіх жанраў, ён у соты раз нетаропка і разважліва даводзіў нам, што няма дзяржаўных і недзяржаўнызх газет (бы мы ўсе — дзяржава), а ёсць афіцыйныя і альтэрнатыўныя.
Калі некалькі год назад міністр фінансаў Беларусі падаў у суд на газету “Прессбол”, запатрабаваўшы завоблачную суму кампенсацыі, Стральцоў, які ўсё жыццё ўваходзіў у праўладны саюз журналістаў, падрыхтаваў бездакорную лінгвістычную экспертызу, што выклікала павагу ў незалежнага грамдства.
Ён быў маім улюбёным выкладчыкам…
Няхай пухам будзе Вам, дарагі Барыс Васільевіч, беларуская зямелька!
Мы Вас помнім…