Што такое “Восень”? Два тыдні якаснай музыкі на любы густ — ад акадэмічнай класікі да тэатралізаваных джаз-імпрэз
Міжнародны фестываль мастацтваў “Беларуская музычная восень” абяцае ўразіць слухачоў не толькі сусветна вядомымі зоркамі, але і арыгінальнай разнастайнай праграмай, якая прыйдзецца даспадобы кожнаму.
Усе пятнаццаць фестывальных канцэртаў адбудуцца ў вялікай зале Белдзяржфілармоніі. Чакаюць музыкантаў з ЗША, Ізраіля, Германіі, Украіны і Расіі. Першы і, дарэчы, самы галоўны хэпенінг гэтай “Восені” — канцэрт французскай рамантычнай музыкі для двух фартэпіяна з аркестрам Фрэнсіса Пуленка, прысвечаны 110-годдзю з дня нараджэння кампазітара. Знакамітыя на ўвесь свет піяністы Мікалай Пятроў і Аляксандр Гіндзін разам з дзяржаўным акадэмічным сімфанічным аркестрам Беларусі акрамя ўсяго астатняга выканаюць “Карнавал жывёл” Сен-Санса, тэхнічна вельмі складаны твор, для якога патрэбны толькі найлепшыя салісты і інструменты.Балалайкі ў зале філармоніі не чулі болей за 20 гадоў, і вось нарэшце! Андрэй Гарбачоў, ці, як яго называюць крытыкі, Паганіні балалайкі, прапануе беларускім слухачам зірнуць на гэты інструмент з рускіх народных казак па-новаму. “Класік-дуэт”, у якім віртуоз выступае з Таццянай Ханінавай (фартэпіяна), ужо пакарыў увесь свет.Але і нашы музыканты не застануцца забытымі, нездарма ж фестываль называецца “Беларуская восень”. У нязвыклым амплуа выйдзе на сцэну філармоніі вядомы эстрадны спявак Пётр Елфімаў. Ён прыме ўдзел у канцэрце-экзамене “Магістр”. Гэта сумесны праект двух аркестраў — народнага і “Маладая Беларусь”, дырыжорам выступіць народны артыст Беларусі Міхаіл Казінец. Запланаваны таксама музычныя вечары, прысвечаныя юбілеям ВІА “Песняры” і кампазітару Яўгену Глебаву. Маэстра Анісімаў выбраў не вельмі вядомы твор беларускага класіка “Запрашэнне ў краіну дзяцінства”. А вось апошні канцэрт “Восені”, які адбудзецца на Дзяды, уразіць сваёй аўтэнтычнасцю. Нацыянальны акадэмічны народны хор імя Цітовіча рыхтуе вечар, прысвечаны нашым продкам і старадаўнім беларускім абрадам.