Францыск Скарына – Імя Беларусі
12.10.2009 19:22
—
Новости Культуры
![]() |
Помнік Фрынцыску Скарыну ў Полацку. Фота К.Лашкевіча, TUT.BY |
Асобны раздзел апытання, праведзенага лабараторыяй аксіяметрычных даследаванняў "Новак", прысвечаны нацыянальным каштоўнасцям беларусаў. Апытаныя называлі самага вядомага гістарычнага дзеяча, найвыбітнейшы архітэктурны помнік і літаратурны твор і – урэшце – сімвал краіны.
Купала адстае ад Коласа
Апытаныя паспрабавалі скончыць сказ "Калі беларускі пісьменнік, то гэта… " У лідэрах апынуліся песняры – Якуб Колас і Янка Купала.
У спаборніцтве класікаў перамог Колас (29,1%).
У Купалы трошкі менш – 27,2%. За імі ў рэйтынгу вядомасці ідуць празаікі Васіль Быкаў (8,7%), Іван Шамякін (4,0%) і Уладзімір Караткевіч (3,8%). Івана Мележа памятаюць не вельмі добра (3,0%), але ён – аўтар самага вядомага твору (глядзі наступны рэйтынг). Пасля празаікаў прызодзіць час узгадаць паэтаў – Максіма Танка (2,7%) і Максіма Багдановіча (2,2%). Завяршаюць спіс палескі рабінзон Янка Маўр (0,9%) і адзіны названы аўтар XIX стагоддзя Францішак Багушэвіч (0,9%). Сярод жывых літаратараў народнай папулярнасці не здабыў ніхто.
Самы вядомы верш – гімн
Калі ж рэспандэнты паспрабавалі назваць самы значны літаратурны твор беларускага аўтара, то нарэшце ўзгадалі Мележа. Ягоных "Людзей на балоце" назвалі 18,4% апытаных. Творчасць Якуба Коласа – "Новая зямля" і "На ростанях" – заняла другое і трэцяе месца, набраўшы 9,3% і 5,0% галасоў адпаведна.
Далей ідуць "Песня пра зубра" Міколы Гусоўскага і творы Васіля Быкава (па 2,3%). Караткевічавыя "Каласы пад сярпом тваім" і Купала "Паўлінка" набралі 1,7% і 1,6% галасоў адпаведна. А вось самым вядомым вершам аказаўся… гімн Беларусі. Твор Клімковіча і Карызны заняў пачэснае дзесятае месца (1,1%)
Лукашэнка не дацягвае да Скарыны і Машэрава
Наступнае пытанне датычылася самых вядомых беларускіх гістарычных дзеячаў. Своеасаблівы конкурс "Імя Беларусі" выйграў Францыск Скарына.Яго назваў кожны чацвёрты (25,5%). Яшчэ адзін "чалавек-праспект" Пётр Машэраў трымаецца на другім месцы (12,0%).
Кастусь Каліноўскі і Ефрасіння Полацкая набралі 4,4% і 3,6% адпаведна і апярэдзілі Аляксандра Лукашэнку (3,6%). Больш за працэнт набралі яшчэ Тадэвуш Касцюшка і Леў Сапега.
Калі ж рэспандэнтам прапанавалі адказваць, ці ведаюць яны таго ці іншага чалавека з 22 прапанаваных, высветлілася, што Францішка Скарыну і Ефрасінню Полацкую ведае амаль кожны (па 95%). Пазнавальнасць Каліноўскага (84,2%) і Касцюшкі (77,2%) меншая.
Мір, Мінск, Брэст
Самы вядомы архітэктурны помнік краіны – Мірскі замак. Яго назвалі 17,0%. Другое месца займае Брэсцкая крэпасць – 9,9% галасоў. У Нацыянальнай бібліятэкі бронзавы медаль (5,8%). Нясвіжскі палац і Сафійскі сабор маюць 5,0% і 4,6% адпаведна.
Няпраўда, што Мінску не хапае архітэктурных помнікаў! Калі аб’яднаць рэйтынг ўсіх названых сталічных славутых мясцінаў (а гэта і плошча Перамогі, і Траецкае прадмесце, і курган Славы), то Мінск набярэ ажно 13,5% галасоў.
А вось Горадня, якая лічыцца самым прыгожым беларускім горадам, ніводны свой помнік уключыць у спіс самых важных, надзіва, не здолела.
Зубр і бусел супраць сцяга і герба
Відаць, людзі ўжо прызвычаіліся да дзяржаўнай атрыбутыкі і атаясамліваюць яе з нацыянальнымі сімваламі.
Герб (22,2%), сцяг (20,7%) і гімн (2,9%) агулам сабралі ледзь не палову галасоў апытаных. Канкурэнцыя ім спрабуюць скласці зубр (10,9%), бусел (6,5%), бульба (3,8%) і валошка (2,6%). Пасля згадваецца і герб "Пагоня" (2,2%).