Таямнічая рэстаўрацыя гродзенскіх замкаў
Рэстаўрацыяй гродзенскіх Старога і Новага замкаў будзе займацца прыватная фірма «Европрестиж». Цікавасць навіне надае тое, што фірма належыць новаму кіраўніку афіцыйнага Саюза палякаў Беларусі Станіслаў Сямашка.
У інтэрв’ю БелаПАН спадар Сямашка заявіў, што зараз «праект знаходзіцца на стадыі перамоваў і нашаму прадпрыемству даюць праектаванне аднаўлення двух замкаў. Актам будзе перададзеная ўся дакументацыя на аднаўленне, мы запросім лепшых спецыялістаў у гэтай галіне, каб зрабіць усё прыгожа».
Кіраўнік Упраўлення па капітальным будаўніцтве Гродзенскага аблвыканкама, якое непасрэдна займаецца рэстаўрацыяй замкаў, Валерый Крывец у размове з «НН» паведаміў, што ніякай інфармацыяй на гэты конт не валодае. Ён адзначыў, што ўсе праектныя працы праводзяцца установай «Гроднаграмадзянпраект».
Яшчэ больш цікавую рэакцыю выклікала тое ж пытанне, зададзенае кіраўніку Гродзенскага гісторыка‑археалагічнага музея, што месціцца ў замках, Юрыю Кітурку. Спадар Кітурка пракаментаваў навіну наступным чынам: «Хто такі Сямашка? Гэта не для яго. Проста смешна».
У афіцыйным Саюзе палякаў Беларусі каментаваць рэстаўрацыйныя планы спадара Сямашкі адмовіліся. Негледзячы на тое, што падчас размовы з БелаПАН сябра СПБ адзначаў рэстаўрацыю як крок у справе адраджэння польскай культуры.
«НН» пракаментаваў сітуацыю сябра неафіцыйнага СПБ Андрэй Пачобут: «Я не ведаю, ці мае Сямашка дачыненне да польскай культуры. Калі ён насамрэч пачне займацца рэстаўрацыяй замкаў, то гэта будзе яго першая справа ў гэтай галіне. Увогуле такія праекты павінны абмяркоўвацца публічна. Прыкра, што гэта адбываецца кулуарна».
АП