Псіхоз дабраўся да Мінску
Псіха (Psycho)
ЗША, 1960, чорна-белы, 109 хв.
Рэжысёр: Альфрэд Хічкок
Ролі выконваюць: Энтані Пэркінс, Джанэт Лі, Вера Майлз, Джон Гэвін, Марцін Болсам, Патрысія Хічкок
Жанр: Псіхапаталагічны трымценнік паводле раману Робэрта Блоха
Адзнака: 10 (з 10)
Ціхая сакратарка Мэрыян крадзе грошы шэфа, змяняе бялізну на чорную — і ўцякае да свайго палюбоўніка. Але па дарозе гераіня спыняецца ў гатэлі, дзе жыве Норман Бэйтс са сваёй крыкліва-шалёнай матуляй. Смерць будзе страшнай — і гэта толькі пачатак…
Усе мы бачылі гэтую стужку — шматкроць і неаднаразова. Забойства ў душы, гатычны домік з вар’яткай, маньяк з нажом — вандруюць з карціны ў карціну. Але толькі ў Хічкока, які ў 1960 годзе запачаткаваў жанр рассякальнікаў, вусціш працінае да костак, а пакаранні за грэх — зледзянела-страшныя.
«Псіхоз» падаўжалі тройчы (не гаворачы ўжо пра шматлікія перайманні), не абы які рэжысёр Гас Ван Сэнт зрабіў ягоную каляровую версію, але ніхто не дасягнуў вяршыняў Хічкока.
І ў гэтым галоўная загадка стужкі, пастаўленай па даволі бульварным рамане (абачлівы Хічкок выкупіў кнігу, каб гледачы не здагадаліся пра фінал). Цяпер фінал мы ведаем усе. Але стужка не спыняе палохаць і заслужана ўзначальвае спіс найстрашнейшых карцінаў.
Цікава, што ў гэтай лютай чорна-белай карціне толькі два забойствы, аголенага целу няма, а на здымках замест крыві выкарыстоўваўся шакалад. Гэта не замінае ўражаным гледачам сцвярджаць, што фільм каляровы, а
адна няшчасная пасля прагляду «Псіхозу»забаялася прымаць душ.
У менскіх гледачоў ёсць шанец да яе далучыцца. Шэдэўр Хічкока дэманструецца ў «Цэнтр-відэа» ў праграме Сінэмаскоп.
Кінатэрміны
Кінападзеі
Усе фільмы
Кінатворцы