Чакае ралля насення, ці Падоўжаныя і падвоеныя зычныя

Источник материала:  
12.09.2009

У  беларускай мове некаторыя гукі пры пэўных умовах могуць падаўжацца, а літары на стыку марфем падвойвацца. Першы працэс вызначаецца як фанетычны, другі — як марфалагічны. У “Правілах” (1959) падаўжэнне і падваенне не адрознівалася і падавалася ў адным параграфе “Падоўжаныя зычныя”, што прыводзіла да змешвання розных моўных з’яў. Услед за гэтым у некаторых падручніках сталі выдзяляць падаўжэнне марфалагічнае і фанетычнае. Такое меркаванне грунтавалася, відаць, на простым супадзенні зычных літар у словах тыпу каменны і насенне, бяззубы і палоззе. Аднак прыведзеныя словы нават пры павярхоўным разглядзе значна розняцца: у першым выпадку назіраем стык марфем — кораня і суфікса (камен+ н + ы), прыстаўкі і кораня (бяз +зуб +ы), у другім — падоўжаныя зычныя, якія на пісьме абазначаюцца падвоеным напісаннем (збожжа, застрэшша, заданне) ці трыграфічна (стагоддзе, моладдзю).
Як бачым, у фанетычнай сістэме роднай мовы зычныя могуць адрознівацца паводле даўжыні. Падоўжаныя (доўгія) зычныя ўтварыліся ў выніку змянення некаторых гукавых спалучэнняў па схеме: мяккі зычны + ь (рэдукаваны галосны) + j. На сёння гэта наглядаем у назоўніках ніякага, жаночага і мужчынскага роду: зелле, ралля, суддзя; у творным склоне назоўнікаў жаночага роду: соллю; некаторых прыслоўях: увушшу. Заўважым, што падоўжыліся мяккія зычныя. Шыпячыя [ж], [ш] і [ч] у агульнаславянскай і ўсходнеславянскай мовах былі толькі мяккімі і не мелі адпаведных парных па цвёрдасці. Прыблізна ў канцы ХVІ ст. усе шыпячыя, у тым ліку і дж, зацвярдзелі. Зацвярдзенню падпарадкаваліся таксама падоўжаныя шыпячыя. У беларускай мове зацвярдзела і спалучэнне шч. Вось адкуль натуральная рыса беларусаў, якая вылучае іх з рускамоўнага асяроддзя, — цвёрдае [ч], [шч]. У рускай жа мове зацвярдзенне шыпячых адбылося непаслядоўна: [ноч’], [ч’истый],  але [нош] (нож), [рош] (рожь) і інш.
Да падоўжаных адносяцца гукі [ж], [з’], [дз’], [л’], [н’], [с’], [ц’], [ч], [ш]. Часам іх уносяць у лік алфавіту, павялічваючы адпаведна колькасць беларускіх зычных. Падаўжэнне адбываецца ў інтэрвакальным становішчы (між галоснымі). Параўнаем: рус. веселье [э+ л + (ь) + j +э] і бел. вяселле [э + л + л +э] = [э +?л’ +э]. Няўзброеным вокам відаць дзеянне тэорыі маўленчых намаганняў: перадача гукавых спалучэнняў у рускай мове адбываецца пры дапамозе [j], а ў беларускай — пры дапамозе поўнага прыпадабнення гукаў, сцяжэння ў адзін. Такое падаўжэнне зычных уласціва і ўкраінскай мове.
У новай рэдакцыі “Правіл беларускай арфаграфіі і пунктуацыі” перадача на пісьме падаўжэння і падваення рэгламентавана, што падаецца ў параграфе 17 “Падоўжаныя і падвоеныя зычныя”. У ім гаворыцца, што на пісьме падоўжаныя зычныя ж, з, дз, л, н, с, ц, ч, ш, якія стаяць паміж галоснымі, абазначаюцца падвоеным напісаннем адпаведных літар (падоўжанае дз на пісьме перадаецца як ддз): замужжа, Залужжа, раздарожжа, ружжо, маззю, рыззё, суддзя, разводдзе, ладдзя, пападдзя, колле, вяселле, наваколле, карэнне, насенне, вараннё, двукоссе, калоссе, адкрыццё, дзесяццю, жыццё, забыццё, куцця, мыццё, пятнаццаццю, пяццю, пяццюдзесяццю, свацця, суквецце, ламачча, ноччу, Уручча, зацішша, узвышша, мышшу. Да іх таксама адносяцца словы, якія ў пачатковай форме не маюць падаўжэння: боязь — бояззю, дробязь — дробяззю, повязь — повяззю, вось — воссю, рысь — рыссю, Беларусь —Беларуссю, памяць — памяццю.
Запазычаныя словы, якія заўсёды прыцягваюць да сябе асаблівую ўвагу, сталі падлягаць даволі простаму правілу яшчэ з “Правіл” (1959): у запазычаных словах, у тым ліку ва ўласных імёнах і назвах, і вытворных ад іх словах падвоеныя літары звычайна не пішуцца: граматыка, група, калектыў, калекцыя, сума, карэспандэнт, каса, касір, тэрыторыя, піца, саміт; Ала, Васа, Генадзь, Іна, Нона, Іпаліт, Кірыл, Адэса, Калькута, Марока, Ніца. Але ёсць невялікая група слоў, якія па традыцыі пішуцца з дзвюма аднолькавымі літарамі: бонна, донна, манна, панна, ванна, мадонна, мецца-сапрана, саванна; Ганна, Жанна, Сюзанна, Мекка і інш. Калі ж у словах, у тым ліку і ў запазычаных, на стыку марфем апынаюцца аднолькавыя літары, то яны захоўваюцца: іррацыянальны, сюррэалізм, рассыпаць, транссудат, аббіць, аддаць, раззлаваць, ззелянець, ссячы; мяккі, гадзіннік, дрэнны і г.д. Тое ж датычыць і частак складаных слоў: бэккрос, бургграф, вакуумметрыя, омметр, двухгадовы, паккамера, шматтамовы; паліттэхнолаг.
Ва ўласных імёнах і назвах падоўжанае вымаўленне зычных адлюстроўваецца на пісьме: Аўгіння, Аксіння, Анісся, Аўдоцця, Наталля, Таццяна, Усціння, Фядосся, Траццякоўка; Краснаполле, Залессе, Закарпацце і інш.; але: Ілья, Емяльян, Касьян, Ульян, Ульяна, Юльян, Юльяна, Традзьякоўскі і вытворныя ад іх: Ільін, Ільіч, Ільінскі, Ільічоўка, Ульянаў, Ульянаўск, ульянаўскі і інш.
Звернем увагу, што прыстаўкі на -д перад коранем, які пачынаецца з дз-, пішуцца нязменна: аддзел, аддзячыць, паддзець, Наддзвінне.

Зваротная сувязь

Як правільна сказаць: Паўлам Марозавам ці Паўлам Марозавым?


Viktorija


— У прозвішчах на -ін (-ын) і на -оў (-еў) у форме творнага склону адзіночнага ліку пішацца канчатак -ым: Калініным, Марозавым. Аднак у запазычаных прозвішчах такога тыпу пішацца канчатак -ам: Грынам, Дарвінам, Вірхавам.


Добры дзень, рубрыка! Задаю нялёгкае пытанне, але чакаю кампетэнтнага адказу. Ці правільна казаць: паеду да матары. Як увогуле скланяецца гэтае слова?


bazil


— Назоўнік маці скланяецца наступным чынам: назоўны склон — маці, родны — мацеры ці маці, давальны — мацеры ці маці, вінавальны — бачу маці, творны — мацерай ці маці, месны — аб мацеры ці маці. Правільна сказаць: паеду да маці, паеду да мацеры.


Вітаю, “Народная”! У гэтым годзе заканчваю школу. Хочаш ці не хочаш, а прыйдзецца здаваць ЦТ па мове. Мяняюцца правілы і па беларускай мове, і па рускай. А як жа нам здаваць тэсты?


Uzer


— Падстаў для хваляванняў, паважаны user, няма. Закон Рэспублікі Беларусь  “Аб Правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі” ўступае ў дзеянне 1 верасня 2010 года. У тэсты па беларускай мове новыя нормы не будуць уводзіцца не толькі ў 2010, але і ў наступныя гады. Новыя правілы рускай мовы яшчэ не прыняты. У 2000 годзе пад кіраўніцтвам прафесара Уладзіміра Лапаціна быў падрыхтаваны новы звод рускага правапісу. Ён актыўна абмяркоўваўся на розных узроўнях, але так і застаўся толькі праектам.

 
Прывітанне! Нядаўна наведвала майстар-клас Джэка (пішу па-руску, бо не ведаю, як напісаць па-беларуску) Траута. Дапамажыце, калі ласка! Як правільна пісаць гэтае прозвішча на беларускай мове?


tutby


— Паводле новай рэдакцыі “Правіл”, нескладовае ў пішацца згодна з беларускім літаратурным вымаўленнем у сярэдзіне слова пасля галосных перад зычнымі: аўдыенцыя, саўна, фаўна, аўдыякасета, аўра, джоўль, каўчук, маўзер, маўр, паўза, раўнд, еўра. У запазычаным прозвішчы у не з’яўляецца націскным, а значыць можа закрыць папярэдні склад. Такім чынам, прозвішча вядомага маркетолага арфаграфічна карэктна перадаваць: Траўт, наведвала семінар Джэка Траўта.

 (оригинал новости)
←Юра Демидович слушает Баха, а не эстраду

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика