Пад Мінскам пройдзе фолк-фэст «Камяніца»
12 верасня ў Музеі народнай архітэктуры і побыту пад Мінскам упершыню адбудзецца фолк-фэст «Камяніца», у якім возьмуць удзел гурты Kriwi, «Стары Ольса», «Нагуаль», «Джамбібум», «Гаротніца» і інш. Усе грошы ад фэсту пойдуць на рахункі музею.
Музей народнай архітэктуры і побыту быў заснаваны ў 1976 годзе. На яго тэрыторыі пад адкрытым небам захаваныя помнікі драўлянай архітэктуры 18-20 стагоддзяў з усёй Беларусі: дамы і цэрквы, млыны і гаспадарчыя будынкі. Але драўляныя дамы патрабуюць рэгулярнай апрацоўкі ад грыбка, а і іх чаротавыя дахі – аднаўлення.
«Мы з'яўляемся бюджэтнай арганізацыяй. Дзяржава фінансуе нас, але лішніх грошай ніколі няма, бо нашыя экспанаты, якім 100-200 гадоў, увесь час патрабуюць дагляду і рэмонту. Напрыклад, чаротавы дах на адзін будынак каштуе 70-90 мільёнаў рублёў. Калі яго не замяніць своечасова, будынак набярэ вільготнасць і пачне паступова разбурацца», — распавядае дырэктар музею Святлана Лакотка.
Музей даволі актыўна праводзіць розныя мерапрыемствы, але фолк-фэст адбываецца на яго тэрыторыі ўпершыню.
«Фэст рабіўся адразу па некалькіх прычынах, – прызнаецца каардынатар праекту Сяргей Чэгрынец. – Па-першае, было жаданне дапамагчы музею зарабіць дадатковыя грошы на рэканструкцыю экспанатаў. Нажаль, гэтая ўстанова не такаяі вядомая і папулярная, якой мусіць быць. Туды трэба ездзіць усім – парамі, з дзецьмі, з бацькамі, з бабулямі-дзядулямі. Проста прыязджаць і шпацыраваць сярод лугоў і аўтэнтычных хатак, дыхаць паветрам нашай жывой спадчыны. Па-другое, у нас ёсць добрыя фолк-гурты, якія працягваюць народныя традыцыі, але адпаведных сучасных фэстаў не стае. Нам падалося, што лепшай пляцоўкі для гэтага быць не можа».
Кошт квіткоў на мерапрыемства будзе звычайны для музею – 6300 руб. для дарослых, 3150 руб. для школьнікаў. Наведнікі будуць мець магчымасць не толькі паслухаць музыку, але і паглядзець усю экспазіцыю — уваход адчыняецца ў 10 гадзін раніцы. Фэст працягнецца з 15 да 21 гадзіны. Папярэдняя рэгістрацыя і дадатковая інфармацыя на сайце http://fest.kamyanitsa.by. Даведка: (029) 670 13 30, (017) 507 69 37.