Артур Клінаў "партызаніць" на "Беларусьфільме"

Источник материала:  
01.09.2009 14:14 — Новости Культуры
Артур Клінаў "партызаніць" на "Беларусьфільме"Галоўны рэдактар часопіса "pARTisan" і аўтар фотаальбома "Горад Сонца" Артур Клінаў будзе цяпер займацца мастацтвам на "Беларусьфільме". Адна з самых яскравых фігур беларускай незалежнай культуры падпісала кантракт з дзяржкінастудыяй у якасці мастака-пастаноўшчыка фільма "Масакра" - першага бульба-хоррара.

Тэлефонны званок "Салідарнасці" застаў аўтара многіх авангардысцкіх праектаў Артура Клінава ў Шчучынскім раёне, дзе ён разам з кінагрупай рэжысёра Андрэя Кудзіненкі працуе над здачай да здымак асноўнага аб’екта - палаца ў Жалудку. Здымкі фільма"Масакра" - першага бульба-хоррара - пачнуцца там ужо праз тры тыдні.

- Гэта мой дэбют, я ўпершынэ прымаю ўдзел у здымках вялікага паўнаметражнага фільма! - паведаміў "Салідарнасці" Артур Клінаў. - Праца мне вельмі цікавая. Асабіста я ўспрымаю яе, па-першае, як мастацкі праект, а, па-другое, як стажыроўку, увядзенне ў свет кіно.

Як расказаў мастак і рэдактар андэграўнднага часопіса "pARTisan", на працу на "Беларусьфільм" яго запрасіў даўні сябар Андрэй Кудзіненка. Сваю каманду, у складзе якой быў і Артур Клінаў, рэжысёр прапанаваў кінастудыі.

- Ці былі пытанні па маёй кандыдатуры? Пытанні заўсёды ёсць. Але так ці інакш маю кандыдатуру зацвердзілі, - коратка паведаміў мастак, які з’яўляецца адной з яскравых фігур беларускага незалежнага мастацтва.

У фільме "Масакра" Артур Клінаў адказвае за эстэтыку і вобразы.

- Андрэй Кудзіненка ахарэктарызаваў "Масакру" як першы бульба-хоррар, але мне хацелася б зрабіць проста прыгожую карціну. Фільм жахаў - вельмі спецыфічны жанр, але ў нас будзе хутчэй мікст жанраў. У фільме будзе і іронія, і патрыятызм - падзеі будуць разгортвацца на фоне паўстання Кастуся Каліноўскага, - расказаў Артур Клінаў. - Але, зразумела, што гэты фільм будзе не з класічнай поўнай каляровай гаммай, здымкі спецыяльна былі запланаваны на познюю восень.

Па словах Артура Клінава асаблівых праблем ў працы ў яго няма.

- Уплыў чыноўнікаў на карціну не адчуваецца, - расказаў ён. - Праблема толькі ў абмежаваным бюджэце, шмат што мы не можам сабе дазволіць. А фільм жа пра XIX стагоддзе, і ўсе дэкарацыі трэба ставараць фактычна з нуля.

Кантракт з "Беларусьфільмам" у Артура Клінава падпісаны толькі на здымкі "Масакры". Але мастак думае і далей застацца ў кіно.

- Неабавязкова, што я буду працаваць затым менавіта на "Беларусьфільме". Але найперш трэба паказаць свае здольнасці ў гэтай першай карціне, – сказаў рэдактар часопіса "pARTisan".

Нягледзячы на новую працу, сваю дзейнасць на ніве незалежнай культуры Артур Клінаў кідаць не збіраецца.

- Зразумела, зараз у мяне ёсць праблемы з часам, але з іншага боку я заўжды працаваў адначасова над некалькімі праектамі, мне не прывыкаць, - адзначыў мастак. - Наступны нумар часопіса "pARTisan" чакайце пад канец года.

←Отмены 75-процентной квоты белорусской музыки в эфире Министерство информации не готовит

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика