ААТ «Ельня-Агра» — адна з перадавых гаспадарак Шаркаўшчынскага раёна

Источник материала:  
ААТ «Ельня-Агра» — адна з перадавых гаспадарак Шаркаўшчынскага раёна

механізатар Андрэй Удобкін і дырэктар гаспадаркі Міхаіл Якімовіч

Сярод сельскагаспадарчых прадпрыемстваў раёна ўжо не першы год найлепшых вытворчых паказчыкаў дасягае адкрытае акцыянернае таварыства ААТ “Ельня-Агра”. На старонках раённай газеты мы пастаянна паведамляем пра працоўныя поспехі спецыялістаў і работнікаў гэтай гаспадаркі. Прозвішчы лепшых працаўнікоў змяшчаюцца ў нашым перыядычным выданні. У чым жа сакрэт поспеху сельгаспрадпрыемства? Пра гэты мы і вырашылі даведацца ў дырэктара гаспадаркі Міхаіла Якімовіча.
— За аснову поспеху я і мае падначаленыя ўзялі стары і надзейны прынцып — кожнаму па заслугах, — упэўнена кажа Міхаіл Мікалаевіч. — Кожны павінен дасканала і ў тэрмін выконваць свае абавязкі. Галоўнае патрабаванне, каб быў вынік. І вынік павінен быць абавязкова станоўчы. Гэта адносіцца і да жывёлагадоўлі, і да раслінаводчай галіны, наогул, да кожнага нашага работніка, які выконвае тую або іншую справу.
З кожным годам у нас павялічваецца пагалоўе буйной рагатай жывёлы. На дадзены момант яе налічваецца 1645 галоў. Сканцэнтравана БРЖ на МТФ “Зорка”, “Юзэфова” і ферме “Ямна”. Сярэднясутачная прывага за 6 месяцаў 2020 года склала 540 грамаў. Валавы надой малака — 1217 тон. Дарэчы, якасць малака тут знаходзіцца на належным узроўні. 79 працэнтаў прададзена дзяржаве гатункам “экстра”. Прадукцыя вырошчвання БРЖ дасягнула адзнакі ў 105, 7 тон. Такія станоўчыя паказчыкі дасягаюцца не толькі дзякуючы якаснаму корму для БРЖ, але, у першую чаргу, сумленнымі адносінамі саміх жывёлаводаў.

ААТ «Ельня-Агра» — адна з перадавых гаспадарак Шаркаўшчынскага раёна

Жывёлавод Павел Бучынскі

Напрыклад, жывёлавод Павел Бучынскі працуе ў гэтай галіне каля 20 год. У зімова-стойлавы перыяд займаецца падвозам кармоў, а з вясны і да восені выконвае абавязкі пастуха. Нараканняў на яго працу няма. А менавіта ад таго, як сумленна ў адной камандзе спрацуюць жывёлаводы і аператары машыннага даення, залежаць і здароўе жывёлы, і прывагі, а таксама колькасць і якасць атрыманага малака. Пералічваць прозвішчы астатніх людзей, якія занятыя ў гэтай галіне, не мае сэнсу, бо ўсе яны працуюць бездакорна.
Для ўтрымання жывёлы мы праводзім рамонтныя работы ў існуючых памяшканнях, а таксама будуем новыя. У пачатку верасня мінулага года на МТФ “Зорка” пачалі ўзводзіць новае памяшканне, дзе будуць утрымлівацца 80 цялят групы дарошчвання. Будуем уласнымі сіламі за ўласныя грашовыя сродкі. На будоўлі працуе брыгада з дзевяці чалавек, кіруе якой прараб Віктар Швед. Канечне, будаўнічыя матэрыялы каштуюць вельмі дорага, як і самі работы па ўзвядзенні. Тым не менш, гэтага патрабуе час. На пачатак зімова-стойлавага перыяду дадзены аб’ект будзе здадзены ў эксплуатацыю.
Да таго ж брыгада будаўнікоў паралельна з узвядзеннем гэтага памяшкання займалася рамонтам напольных сушылак. У цяперашні час яны цалкам падрыхтаваны да прыёму ўраджаю 2020 года.

ААТ «Ельня-Агра» — адна з перадавых гаспадарак Шаркаўшчынскага раёна

Намеснік дырэктара гаспадаркі Ніна Буда і механізатары Віталій Хрол, Васілій Красоўскі, Аляксандр Мацкевіч

Нядрэнныя ў нас мінулагоднія паказчыкі ў галіне раслінаводства. Валавы збор зерня склаў 3180 тон. Рапсу змаглі атрымаць 234 тоны. Сярэдняя ўраджайнасць дасягнула ўзроўню 30,7 цэнтнера з гектара, а рапсу — 13,5 ц/га. Найбольшую ўраджайнасць атрымалі з ячменю, які даў 40,6 цэнтнера з гектара, а таксама з азімай пшаніцы — 37,3 ц/га. Вышэй за прагнозныя паказчыкі мы атрымалі летась і кукурузы: 280 цэнтнераў на круг. Летась нарыхтавалі 495 тон сена, 5187 тон сенажу, 3967 тон сіласу і 415 тон саломы. У сярэднім на адну ўмоўную галаву жывёлы змаглі назапасіць 24 цэнтнеры кармоў.
Трывалую кармавую базу закладваем мы і сёлета на будучы зімова-стойлавы перыяд. Ужо маем у наяўнасці 9918 тон сенажу пры плане 5210 тон. Нарыхтавалі 658 тон сена пры плане 325 тон. І яшчэ пры тым, што дадаткова будзе назапашаны сілос, сена, салома. На сённяшні дзень маем 24,9 цэнтнера кармавых адзінак на ўмоўную галаву жывёлы.
Неўзабаве пачнецца жніво. І тут асноўная задача — сабраць вырашчаны ўраджай без страт, своечасова і якасна. На жніве будуць задзейнічаны пяць адзінак камбайнаў. Нам трэба ўбраць азімы рапс з плошчы 131 гектар, яравы — з плошчы 147 гектараў. Зерневыя і зернебабовыя падлягаюць уборцы з плошчы 1081 гектар.
Немалаважным фактарам паспяховай работы калектыву працаўнікоў сельгаспрадпрыемства з’яўляецца тое, што кожны год падчас вясенняй пасяўной кампаніі, корманарыхтоўкі і ўборкі зерневых нам на дапамогу прыходзяць механізатары, якія ўжо шмат год знаходзяцца на заслужаным адпачынку. Гэта Мар’ян Грыдзюшка, Леў Васілеўскі, Мікалай Якімовч і іншыя.

ААТ «Ельня-Агра» — адна з перадавых гаспадарак Шаркаўшчынскага раёна

механізатар-ветэран Леў Васілеўскі

Трэба сказаць, што і моладзь працуе ў нашай гаспадарцы. Сёлета пасля заканчэння Віцебскага політэхнічнага каледжа па размеркаванні да нас прыйшоў Дзмітрый Аляхновіч. Ён займае пасаду тэхніка-электрыка. Малады спецыяліст родам з суседняга аграгарадка Германавічы, таму спадзяёмся, што пасля адпрацоўкі Дзмітрый застанецца жыць і працаваць у нашай гаспадарцы. Тым больш, што яму і самому тут падабаецца.
— А якія, наогул, асабіста Вы, Міхаіл Мікалаевіч, вызначаеце перспектывы на будучае для сябе, работнікаў, гаспадаркі? — спыталі мы напрыканцы размовы ў кіраўніка адкрытага акцыянернага таварыства.
— Перспектыва адна: жыць і працаваць на роднай зямлі дзеля сябе, дзеля сваіх нашчадкаў, дзеля дабрыбыту нашай краіны, — упэўненым голасам адказаў дырэктар.

Comments are closed.

Яндекс.Метрика