Лукашэнка: бягучыя цяжкасці вырашым, але з 2021 года трэба прырастаць сярэднесусветнымі тэмпамі
Бягучыя цяжкасці вырашым, але з 2021 года трэба прырастаць сярэднесусветнымі тэмпамі. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў сёння на сустрэчы з кіраўніцтвам Нацыянальнага банка ў рамках прыняцця кадравых рашэнняў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што перад новым складам урада паставіў задачу не проста не дапусціць спаду нацыянальнай эканомікі ў бягучым годзе. «Трэба знайсці, выхапіць кожны шанц, любую магчымасць для руху наперад. Ад Нацбанка я таксама чакаю больш актыўнага ўдзелу ў гэтым працэсе. Гэта не летуценне. Мы проста не можам сабе дазволіць каціцца ўніз, таму што адтуль будзе вельмі цяжка падымацца. Наколькі гэта магчыма, мы павінны ўтрымацца пры ўсіх праблемах у гэтым годзе», — сказаў кіраўнік дзяржавы.
Ён нагадаў, што на нарадзе 19 чэрвеня вобразна выказаўся, што з таго моманту памочнікам урада па заработнай плаце і забеспячэнні падтрымкі работы прадпрыемстваў стаў старшыня праўлення Нацбанка Павел Калаур.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ёсць такія прадпрыемствы, якія сапраўды трапілі ў складанае становішча, і ім патрэбна дапамога. «Вы маю пазіцыю ведаеце: хто склаў рукі або, не дай бог, людзей пачаў звальняць, на падтрымку дзяржавы няхай не разлічвае. Прытым меры за тое, што выкідваюць людзей на вуліцу, будуць самыя строгія. Але тым, у каго ёсць «жывыя» экспартныя кантракты або хто запусціў інвестыцыйны праект, трэба дапамагчы абавязкова. Гэтыя грошы вяртаюцца назад», — падкрэсліў Прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы даручыў прыцягваць да гэтай работы мясцовыя органы ўлады, паколькі яны лепш ведаюць сітуацыю ў сваіх рэгіёнах. «Сустракайцеся з дырэктарамі і калектывамі, трэба падставіць сваё плячо, — заклікаў ён. — Не выстаўляйце празмерныя ўмовы, не стаўце бар’еры. Ідзіце насустрач па рэструктурызацыі даўгоў, хаця б у якасці часовай перадышкі. Вы ведаеце, што ва ўсіх краінах (ад ЗША да Кітая) ёсць такія паслабленні».
Разам з тым Прэзідэнт канстатаваў, што ў апошнія тры месяцы Нацбанк сваімі рашэннямі спрасціў шмат наглядных абмежаванняў, знізіў стаўку рэфінансавання. «Рух у гэтым напрамку акуратна, спакойна трэба прадаўжаць. Калі страцім заводы, прадпрыемствы, калектывы, наступнымі будуць банкі. Бягучыя цяжкасці вырашым, але з 2021 года трэба прырастаць сярэднесусветнымі тэмпамі. Іншага не дадзена», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.
«Вы помніце, што я прасіў задаць устойлівы трэнд на змякчэнне фінансавай палітыкі і пастаянны рост крэдытавання эканомікі. Пры гэтым, вядома, будзем стрымліваць інфляцыю. Літаральна на працягу некалькіх дзён у нас адбудзецца размова і з урадам. Паглядзім, як яны гэтым займаюцца. Як можна так займацца, кантраляваць цэнаўтварэнне, а ў той жа час цэны на некаторыя тавары (ужо ў СМІ праскоквае) падняліся амаль у два разы?» — дадаў кіраўнік дзяржавы.